Пікеты, заяўкі на правядзеньне якіх Павал Левінаў падаваў у адміністрацыі Чыгуначнага і Першамайскага раёнаў Віцебску, мусілі прайсьці 10 сьнежня, у Міжнародны дзень правоў чалавека. Улады забаранілі іх, нягледзячы на тое, што працягласьць кожнай зь дзьвюх акцыяў, у адпаведнасьці з заяўкамі, складала б толькі... адну сэкунду.
На думку намесьніка кіраўніка адміністрацыі Чыгуначнага раёну Аляксандра Ільмовіча, нават аднасэкундны пікет патрабуе пільнай працы мэдыкаў, камунальнікаў і міліцыянтаў па яго абслугоўваньні. Менавіта адсутнасьць дамоваў зь імі ў віцебскага праваабаронцы дала чыноўніку нагоду забараніць мерапрыемства.
У адрозьненьне ад свайго калегі, намесьнік кіраўніка Першамайскай раённай адміністрацыі Міхаіл Атаеў, відаць, усьвядоміў, што недарэчна патрабаваць дамоваў на абслугоўваньне такой хуткаплыннай імпрэзы. Ён знайшоў іншую фармальную падставу для забароны пікету: Павал Левінаў калісьці прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасьці за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве – фатаграфаваўся разам з журналістамі і грамадзкімі актывістамі Віцебску з папяровымі клеткамі і птушкамі ў рукох.
Згодна з законам «Аб масавых мерапрыемствах», асобы, якія дапусьцілі парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавага мерапрыемства, цягам аднаго году пасьля накладаньня адміністрацыйнага спагнаньня за такое парушэньне ня могуць выступаць арганізатарамі масавага мерапрыемства. І хаця пасьля скандальнай фотасэсіі, за якую сямёра яе ўдзельнікаў былі пакараныя, мінула ўжо больш за год, пастанова аб прыцягненьні Левінава да адміністрацыйнай адказнасьці набыла законную моц пазьней, 30 сьнежня 2014 году.
Заяўленая мэта пікетаў, якія цяпер, найхутчэй, не адбудуцца: аказаньне спрыяньня дзяржаўным інстытуцыям ва ўмацаваньні і разьвіцьці правоў чалавека, прапаганды дакумэнтаў у падтрымку правоў чалавека і публічнага выказваньня свайго меркаваньня па праблеме парушэньня правоў чалавека. Калі насуперак забаронам Павал Левінаў усё ж наважыцца правесьці аднасэкундныя пікеты 10 сьнежня, яму будзе пагражаць штраф або адміністрацыйны арышт.
Віцебская вясна