Наймальнік, ААТ «Полацак-Шкловалакно», падоўжыў арэнду ранейшага памяшканьня для офісу заводзкай пяршоўкі Свабоднага прафсаюзу Беларускага (СПБ). Паводле дамовы арэнды, адміністрацыя заводу мае права кантраляваць выкарыстаньне памяшканьня ў адпаведнасьці з мэтамі арэнды, г.зн. толькі для прафсаюзнай дзейнасьці. Гэтая норма дамовы ўступае ў супярэчнасьць з заканадаўствам Беларусі, якое забараняе наймальніку ўмешвацца ў дзейнасьць прафсаюзу, а, ужо тым больш, кантраляваць яго.
Новую дамову арэнды з СПБ з 1 лістапада на тры гады падпісаў прадстаўнік акцыянэрнага таварыства, намесьнік генэральнага дырэктара - галоўны інжынэр Раман Блізьнёў. Офіс знаходзіцца ў цэнтры гораду Полацку ў старым адміністрацыйным будынку заводу - так званая «старая прахадная» - на трэцім паверсе. Паводле дамовы арэнды, арандаваная плошча выкарыстоўваецца толькі для ажыцьцяўленьня статутнай дзейнасьці «Першаснай арганізацыі работнікаў адкрытага акцыянэрнага таварыства «Полацак-Шкловалакно» Свабоднага прафсаюзу Беларускага».
Наймальнік рамантуе і кантралюе
Арэндадаўца (завод) абавязаны рабіць за свой кошт капітальны рамонт памяшканьня і ўзгадняць з прафсаюзам графік працы офісу і патрабаваньні прапускнога рэжыму.
Свабодны прафсаюз абавязаны своечасова (за месяц наперад) уносіць арэндную плату за арандаванае памяшканьне, а таксама ажыцьцяўляць аплату выдаткаў за камунальныя паслугі і выдаткі на ахову памяшканьня. Трэба дадаць, што пяршоўка дырэктарскага Белхімпрафсаюзу за арэнду памяшканьняў ня плаціць. Такім чынам, дапускаецца неправамерная фінансавая дыскрымінацыя работнікаў паводле прыкметы ўдзелу ў прафсаюзе, таму што аплата арэнды зьдзяйсьняецца за кошт грошай рабочых, якія ідуць на прафсаюзныя ўнёскі.
Офіс прафсаюзу каля будынку суду
Плошча памяшканьня пад офіс Свабоднага прафсаюзу складае каля 10 квадратных мэтраў. У ім можа знаходзіцца да 12 чалавек. Зручнае разьмяшчэньне офісу ў цэнтры гораду дазваляе ладзіць сэмінары і сходы рабочых заводу ў выходныя дні.
Насупраць будынку, дзе разьмешчаны офіс, знаходзіцца Полацкі раённы суд, дзе часта слухаюцца справы па індывідуальных працоўных спрэчках рабочых і наймальніка, ААТ «Полацак-Шкловалакно».
Аднак істотны недахоп - тое, што офіс прафсаюзу знаходзіцца далёка ад працоўных месцаў чальцоў прафсаюзу. Дабірацца да заводзкай пляцоўкі трэба на аўтобусе каля 20 хвілін. Офіс Белхімпрафсаюзу знаходзіцца на тэрыторыі завода ў будынку заводакіраўніцтва.
Прафсаюзу няма месца на заводзе
Як распавялі актывісты Свабоднага прафсаюза заводу, раней яны зьвярталіся да наймальніка наконт арэнды дадатковага памяшканьня на тэрыторыі заводу, які знаходзіцца на ўскрайку гораду каля вёскі Ксты. Аднак наймальнік адмовіў у арэндзе на той падставе, што там адсутнічаюць плошчы, якія не выкарыстоўваюцца або выкарыстоўваюцца неэфэктыўна. Таксама Рада Свабоднага прафсаюзу заводу прасіла ў арэнду памяшканьне шапіка на прыпынку «Заводзкі» каля галоўнай прахадной прадпрыемства, які не выкарыстоўваецца з 1 жніўня 2015 году. Але наймальнік адмовіў, паколькі шапік мае спэцыялізаванае прызначэньне для арганізацыі раздробнага гандлю, а прафсаюз гэтым не займаецца.
Аляксандар Марозаў, Віцебская вясна