Не прынесла станоўчых вынікаў для рабочай Глыбоцкай жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Аксаны Мушкат дасудовае разьбіральніцтва. Яно адбывалася ў Глыбоцкім раённым судзе паміж ёй і прадстаўніком гэтай арганізацыі, юрыстам Аляксандрам Аляксеенкам. У дасудовым працэсе юрыст не пагадзіўся з аднаўленьнем Аксаны на працы.
Як кажа Аксана, так склаліся абставіны, што яна атрымала прагул на працы, бо даверылася сваім калегам. Да таго ж да яе прадузята ставіцца кіраўніцтва, бо яна, стаўшы інвалідам па зроку падчас працы ў ЖКГ, змагаецца за права на больш лёгкія ўмовы працы.
Паводле словаў Аксаны, 12 жніўня яе непасрэдны кіраўнік, майстар ЖКГ Аляксандра Плыгаўка паведаміла ёй пра звальненьне, а заявы, дзе Аксана просіць адпачынак за свой кошт, ніхто ня бачыў:
“Я да яе зьвярнулася: я ж пісала заяву. Кажа: нічога ня ведаю. Проста ў вочы сказала, што калі я цябе ня звольню, то звольняць мяне. І раней яна выказвалася, што ня можаш у мяне працаваць, і увесь час шукала прычыну, як мяне прыбраць. І вось аказалася, што маёй заявы няма, нібыта я не пісала. Заяву трэба перадаваць асабіста ў рукі. Паколькі такога не было, паколькі я перадавала праз кагосьці. Раней проста вусна адпрошвалася, альбо перадавала заяву праз кагосьці, альбо проста пакідала на стале – і праблем не было.
Юрыст Аляксандар Аляксеенкаў, які прадстаўляў інтарэсы Глыбоцкай ЖКГ, ад камэнтароў адмовіўся, спаслаўшыся на занятасьць. А Аксана Мушкат зьбіраецца надалей змагацца ў судзе за сваё аднаўленьне на працы.
racyja.com