Шмат сюрпрызаў чакала сяброў грамадзкай інцыятывы «Хайсы» 12 верасьня падчас наведваньня імі месца масавых расстрэлаў у лясным масіве недалёка ад Віцебску. І самы шакавальны зь іх: невядомыя вандалы дэмантавалі пяць драўляных крыжоў, усталяваных актывістамі і асьвячоных сьвятаром на ўшанаваньне памяці забітых там людзей.
Гэтым разам месца трагедыі разам зь віцебскімі актывістамі наведалі археоляг Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Мікалай Крывальцэвіч і ягоная калега Валянціна Вяргей. Калісьці спадар Мікалай браў непасрэдны ўдзел у эксгумацыі парэшткаў, знойдзеных ва ўрочышчы Курапаты. Запрашаючы сталічных археолягаў, віцебскія актывісты меркавалі, што іх багаты досьвед дапаможа вызначыцца з часам і адметнасьцямі знойдзеных імі пахаваньняў.
Нечаканасьці пачаліся з сустрэчы зь лясьнічым Мазалаўскага лясгасу, які падпільноўваў наведнікаў на аўтастаянцы. Ён паведаміў, што старшыня Мазалаўскага сельскага выканкаму атрымаў са Сьледчага камітэту інфармацыю, якая мусіць зацікавіць актывістаў, а таксама папярэдзіў пра ўсталяваныя ў лесе фотапасткі – маўляў, ня ўздумайце весьці несанкцыянаваныя раскопкі.
Археолягі ледзь распачалі агледзіны раскапаных «чорнымі капальнікамі» ямінаў, як у лесе зьявіліся два афіцэры міліцыі – мясцовы ўчастковы капітан Аляксандар Недзьведзь і маёр, які не прадставіўся. Яны папярэдзілі, што знаходзіцца ў гэтым месцы небясьпечна, бо тут нібыта былі знойдзеныя выбуховыя прадметы. Сваё зьяўленьне ў лесе яны патлумачылі клопатам пра бясьпеку прысутных там людзей. Міліцыянты заявілі, што адказы на ўсе пытаньні, якія цікавяць грамадзкасьць, можна атрымаць у Мазалаўскім выканаўчым камітэце. Таксама была агучаная інфармацыя пра нібыта знойдзены фрагмэнт нямецкага кіцеля, які сьведчыць, што гэтае пахаваньне належыць да часоў Другой сусьветнай вайны.
Да пачутага прысутныя аднесьліся з пэўнай доляй іроніі і скептыцызму: прыцягнуты за вушы факт ніяк ня ўпісваўся ў агульную карціну, пабачаную імі на свае вочы. Даўно раскапаныя марадэрамі магілы не ўшаноўваліся на працягу дзесяцігодзьдзяў, і раптам гэткі «клопат» з боку ўладаў.
Вось як пракамэнтаваў убачанае археоляг Мікалай Крывальцэвіч:
– Бачна, што працавалі непрафэсіяналы. Ну які прафэсіянал вось так кіне косткі? Раскопы гэтага году больш падобныя да працы органаў, якія трошкі ведаюць, што такое эксгумацыя.
Калі магілы раскрытыя, то усё гэта трэба перазахаваць. Косьці не павінны валяцца па лесе. Калі рабілася эксгумацыя магіл, то той, хто яе праводзіў, мусіў магілы засыпаць. Вазьміце любое мэтадычнае палажэньне па раскопках: ямы мусяць быць рэкультываваныя гэтак, як яны былі ў сваім першапачатковым выглядзе. Калі гэтага ня зроблена, то магілы разрабаваныя. Магілы мусяць быць засыпаныя, і калі там людзі, то на магілах трэба ставіць крыжы. Парэшткі лепш хаваць у тую магілу, адкуль яны былі адкапаныя. Любыя парэшткі павінны быць ушанаваныя. А ўшанаваць як можна? Крыжам. Грамадзкія арганізацыі могуць дамагацца ад дзяржавы, каб гэта было зроблена. У адваротным выпадку трэба казаць, што мы гэта зробім самі. Людзі прыйдуць, абвесьцяць талаку і бяз грошай зробяць. І гэта будзе акт кансалідацыі.
Валянціна Вяргей таксама выказала свае заўвагі:
– Існуе пэўная мэтодыка раскопак, якая тут абсалютна парушаная. Кожны крок фіксуецца, адвал робіцца на адпаведны бок, каб былі падыходы, косткі выкладваюцца па парах, верхнія, ніжнія канцавіны, чэрап. Чэрап – гэта самая інфарматыўная частка цела, а тут мы бачым, што іх усе забралі. Калі ў чэрапе адтуліна ад кулі, то забівалі ў патыліцу, як гэта было прынята ў НКУС. Мы шмат пабачылі жаночага абутку. Гэта не вайсковае пахаваньне. Бачна, што тут ляжыць цывільнае насельніцтва.
Ян Дзяржаўцаў:
– Мы лічым: усё, што тут робіцца, робіцца органамі ўлады. Вось у гэтым раскопе мы былі налічылі сем радоў костак. Яны ляжалі пластамі, перасыпаныя пяском, але потым нехта тут усё перакапаў. Мы ж не капалі. Раней быў раскоп прыблізна паўтары мэтры, другая яміна была некапаная. Добра быў бачны тарэц. Косткі яны вынялі. Мы прасілі паведаміць нам, калі прыйдуць гэтыя косткі, каб мы маглі ўзяць удзел у пахаваньні згодна з хрысьціянскім звычаем. Даведваемся, што косткі гэтыя прыйшлі – даведваемся выпадкова.
Потым нам прыслалі паведамленьне. Пішуць: па выніках праверкі можна цьвердзіць, што косткам больш за пяцьдзесят гадоў, ад чаго людзі памерлі – невядома; мы перадалі косткі ў ЖКГ, у спэцкамбінат, каб яны пахавалі. Мы пішам у спэцкамбінат: адкажыце нам, дзе вы пахавалі? А калі яшчэ не пахавалі, то мы хочам зрабіць гэта разам з вамі. А яны нам у адказ: Мы нічога не атрымлівалі. Яны напісалі нам афіцыйную паперу, што са сьледчага камітэту нічога не атрымлівалі. Мы зьвярнуліся ў сельскі савет, і тыя нас адфутболілі.
Скончыўшы агляд мясцовасьці, археолягі і прадстаўнікі грамадзкасьці наведалі Мазалаўскі сельскі выканкам, дзе сустрэліся з кіраўніком спраў справамКацярынай Каралёвай, якая агучыла вынікі судовай экспэртызы: «Знойдзеныя фрагмэнты кіцелю маюць агульную родавую прыналежнасьць да ваеннага кіцелю вытворчасьці Нямеччыны. Гэтая выснова дае падставы сьцьвярджаць, што гэтыя пахаваньні належаць да часоў Другой сусьветнай вайны». Праўда, прачытаць ці сфатаграфаваць паперу кіраўніца спраў выканкаму так нікому з прысутных і не дазволіла.
Прызнаць месца масавых пахаваньняў магіламі спадарыня Каралёва не пагадзілася: маўляў, гэта аб'ект, які зараз дасьледуецца. Таксама яна заявіла, што мясцовыя ўлады ня маюць дачыненьня да зьнішчэньня ўсталяваных актывістамі крыжоў. Пасьля, спаслаўшыся на тое, што падзялілася ўсёй інфармацыяй, якую мае, яна папрасіла прысутных пакінуць яе службовы габінэт.