Суд прызнаў незаконным скасаваньне Віцебскім гарвыканкамам вынікаў конкурсу на права перавозак па маршруце №99т, аднак уладальнік ПУП «Гарантыя СВ» Валер Сьцяпанаў, які выйграў конкурс у лютым 2015 году, усё адно ня можа выпусьціць свае маршруткі на лінію.
12 лютага 2015 году на паседжаньні камісіі ПУП «Гарантыя СВ» абвясьцілі пераможцам тэндэру на права перавозак па маршруце №99т з 12 лотаў. Але 2 сакавіка конкурсная камісія скасавала сваё першапачатковае рашэньне аб перамозе фірмы Сьцяпанава, спаслаўшыся на нібыта недакладную інфармацыю ў конкурсных дакумэнтах пераможцы.
Перавозчык, у якога з-пад носа скралі прынадны маршрут, не пакінуў гэтую справу так і пачаў зьвяртацца ў розныя інстанцыі. У выніку супраць былога начальніка аддзелу ЖКГ Віцебскага гарвыканкаму Валера Кірсанава, які ініцыяваў перагляд вынікаў тэндэру, у чэрвені распачалі крымінальную справу паводле часткі 2 артыкулу 426 КК (перавышэньне службовых паўнамоцтваў, зьдзейсьненае з карысьлівай ці іншай асабістай зацікаўленасьці).
«Адначасова, дамогшыся скасаваньня прынятага камісіяй рашэньня, падазраваны распачаў актыўныя дзеяньні, якія спрыялі заключэньню дамовы аб арганізацыі аўтамабільных перавозак у горадзе Віцебску з прыватным унітарным транспартным прадпрыемствам, якое ўзначальвала блізкая знаёмая службовай асобы», – гаварылася ў прэс-рэлізе Сьледчага камітэту. «Сваімі незаконнымі дзеяньнямі службовая асоба нанесла істотную шкоду правам і законным інтарэсам грамадзян. У цяперашні час праца па крымінальнай справе працягваецца: дапытаныя сьведкі, прызначаныя дакумэнтальныя праверкі, праведзеныя ўсе неабходныя першапачатковыя сьледчыя дзеяньні», – паведамляла афіцыйны прадстаўнік УСК па Віцебскай вобласьці Іна Гарбачова.
Потым, 23 чэрвеня, пасьля двух паседжаньняў суд ануляваў рашэньне гарвыканкаму аб скасаваньні вынікаў тэндэру, што аддалі перамогу ўладальніку ПУП «Гарантыя СВ» Валеру Сьцяпанаву. 6 жніўня адбылося апэляцыйнае паседжаньне па гэтай справе, у выніку якога рашэньне суду на карысьць Сьцяпанава засталося ў сіле.
Атрымаўшы рашэньне апэляцыйнага паседжаньня, уладальнік фірмы адправіўся ў гарвыканкам, каб заключыць дамову на выкананьне пасажырскіх перавозак па маршруце №99т. Аднак, паводле слоў Валера Сьцяпанава, чыноўнікі яму адмовілі, заявіўшы, што раней заключаныя дамовы зь перавозчыкамі, што працуюць сёньня, якіх абвясьцілі пераможцамі пасьля скасаваньня рашэньня аб перамозе «Гарантыя СВ», ня могуць быць скасаваныя. На ягоную ж думку гэтыя дамовы несапраўдныя на падставе артыкулу 419 Грамадзянскага кодэксу, у якім гаворыцца, што прызнаньне таргоў несапраўднымі цягне несапраўднасьць дамовы, заключанай з асобай, якая выйграла таргі.
Гарвыканкам, як сьцьвярджае Сьцяпанаў, у сваю чаргу, спасылаючыся на артыкулы 421 і 422 ГК, мяркуе, што скасаваньне дамовы зь перавозчыкамі магчымае толькі праз суд з прычыны абставін, што істотна зьмяніліся, якімі, на думку чыноўнікаў, стала судовае рашэньне на карысьць ПУП «Гарантыя СВ».
news.vitebsk.cc