У межах грамадзянскай справы судзьдзя Кастрычніцкага раёну Віцебску Натальля Лях адмовілася задаволіць скаргу пэнсіянэра і інваліда другой групы, праваабаронцы Валера Місьнікава на дзеяньні дзяржаўных органаў і службовых асоб. Спадар Місьнікаў заяўляе, што калі яму ня ўдасца дамагчыся справядлівасьці ў беларускіх судох, то ён будзе вымушаны зьвярнуцца ў міжнародныя арганізацыі для абароны сваіх сацыяльных правоў.
Усё пачалося з таго, што яшчэ ў 2013 годзе Валер паспрабаваў быў праз суд дамагчыся прызнаньня яго адзінокім грамадзянінам. Падставай для падачы гэткага кшталту пазову паслужыла даведка, выдадзеная цэнтрам сацыяльнага абслугоўваньня насельніцтва Першамайскага раёну Віцебску. Згодна з гэтай даведкай, грамадзянін Місьнікаў зьяўляецца членам сям'і, зь якой ён ня мае ў цяперашні час ніякіх афіцыйны адносін – ён даўно ў разводзе са сваёй жонкай, а яго дзеці дасягнулі паўнагодзьдзя.
Тым ня менш, згодна з рашэньнем судзьдзі Першамайскага суду Натальлі Броўкі, даведка пра склад сям'і так і засталося ў сіле, і Валер Аркадзьевіч Місьнікаў уважаецца дзяржаўнымі органамі за сямейнага чалавека.
Касацыйная інстанцыя – Калегія па грамадзянскіх справах Віцебскага абласнога суду – пагадзілася з рашэньнем судзьдзі Броўкі, г.зн. канчаткова замацавала за Валерам яго статус члена сям'і.
Галоўным у гэтым анэкдоце зьяўляецца тое, што, маючы статус члена сям'і, Валер Місьнікаў пазбаўлены магчымасьці атрымаць дзяржаўнае сацыяльнае жытло, у якім, на яго думку, ён востра мае патрэбу, і на якое мае законнае права.
Фактычна інвалід і самотны грамадзянін Місьнікаў, які зьяўляецца, тым ня менш, згодна з даведкай, членам сям'і наймальніка жытла (а наймальнік – яго колішняя жонка), зьвярнуўся ў Віцебскі гарадзкі выканаўчы камітэт з просьбай зьмяніць дамову аб парадку карыстаньня жылым памяшканьнем ў сувязі са зьменай асабовага рахунку. На што сваім рашэньнем Віцебскі гарвыканкам адказаў адмовай. Паводле вэрсіі чыноўнікаў зьмяніць дамову не дазваляе дзейнае заканадаўства.
Скаргі на дзеяньні Віцебскага гарвыканкаму ў вышэйстаячы орган дзяржаўнай улады – Віцебскі абласны выканаўчы камітэт – ня дапамаглі вырашыць праблему. Чыноўнікі абласнога выканкаму занялі пазыцыю сваіх калегаў узроўню гораду.
Савет Міністраў краіны, куды Місьнікаў зьвярнуўся са скаргай на дзеяньні віцебскіх чыноўнікаў, адаслаў скаргу ў Віцебск для разгляду яе па сутнасьці кіраўніцтвам аблвыканкаму. Адказ, атрыманы з аблвыканкаму, аказаўся да непрыстойнасьці кароткім: разглядаць скаргу па сутнасьці няма падстаў, бо яна не зьмяшчае новых довадаў.
Зварот у суд Кастрычніцкага раёну са скаргай на дзеяньні гарадзкіх і абласных чыноўнікаў ня даў якіх-небудзь станоўчых вынікаў. Судзьдзя Натальля Лях адмовілася прызнаць за Місьнікавым права на зьмяненьне дамовы і, як вынік, на падзел асабовага рахунку. Бо ў выпадку падзелу рахунку па аплаце камунальных і іншых плацяжоў Місьнікаў быў бы прызнаны дзяржавай грамадзянінам, якія пражывае асобна ад сваёй колішняй сям'і. А гэта дало б яму чарговы шанец на атрыманьне дзяржаўнага сацыяльнага жытла – вылучыць жа самотнаму інваліду асобную кватэру ў пляны ўладаў ніяк не ўваходзіла.
Чарговая інстанцыя, куды цяпер інвалід і самотны грамадзянін зьбіраецца падаць прыватную і касацыйную скаргу, – Віцебскі абласны суд. Але Валер Місьнікаў ня мае надзеі на тое, што гэтая судовая інстанцыя зьменіць рашэньне ніжэйстаячага суду і закліча да адказу чыноўнікаў з гарадзкога і абласнога выканаўчых камітэтаў.
Калі аблсуд не дапаможа, адзінай інстанцыяй для абароны яго правоў як інваліда, паводле сьцьвярджэньня Місьнікава, застанецца Камітэт па правох інвалідаў ААН, куды ён хоча зьвярнуцца з індывідуальнай скаргай. Калі ягоны досьвед станецца станоўчым, Валер будзе дапамагаць і іншым інвалідам адстойваць іх правы ў гэтай міжнароднай праваабарончай арганізацыі.
Віцебская вясна