Сантэхнік зь дзіцячага садку Віцебску Аляксандар вырашыў зьмяніць працу. Даў аб’яву ў газэту і стаў чакаць. І тут яму патэлефанавалі з просьбай усталяваць ручніковы сушыцель. Грошы мужчыну былі патрэбныя, ён і пагадзіўся. Але замоўцы аказаліся не проста заказчыкамі, а падатковымі інспэктарамі.
«Ды ўжо ж, знайшоў новую працу, - іранізуе Аляксандар. - Проста даў абвестку ў газэце “Из рук в руки” ў разьдзеле “Шукаю працу”. І што самае прыкрае, ніякіх абвестак кшталту “паслугі сантэхніка” ў мяне не было. Простая звычайная аб'ява».
Калі Аляксандру патэлефанавалі з просьбай усталяваць ручніковы сушыцель, ён пагадзіўся. Час цяжкі, грошы патрэбныя.
«Па тэлефоне ў мяне ўдакладнілі суму, за якую я гэта зраблю, - распавядае Аляксандар. - Я адказаў, што трэба прыйсьці паглядзець, і там наконт цане дамовімся. Пасьля працы прыйшоў на кватэру. Мяне правялі ў ванную, паказалі, што і дзе. Раптам на парозе зьяўляецца другі мужчына. І абодва ўжо паказваюць пасьведчаньні. “Мы падатковыя інспэктары, мы цябе злавілі і ўсю нашу гутарку запісалі на дыктафон. Ты вінен пяць мільёнаў згодна з тваім відам дзейнасьці”, - сказалі яны. Я асалапеў: ніякай перадачы грошай не было, ніякіх выкананых работ. Ніякіх канкрэтных дамоўленасьцяў, нават вусных. Анічога. Мяне справакавалі на парушэньне, атрымліваецца...»
Мужчына кінуўся да юрыста, а той толькі разьвёў рукамі: маўляў, нічога з гэтым зрабіць нельга, такое заканадаўства.
«Гэта ў іх, у падатковай, з 1 студзеня такая палітыка, - кажа Аляксандар. - Калі раней халтуршчыкаў лавілі, то на першы раз давалі проста папярэджаньне. А цяпер за разавую незаконную прадпрымальніцкую дзейнасьць налічваюць падатак у пяцікратным памеры. Вось па маёй дзейнасьці - гэта пяць мільёнаў. У нас адна віцябчанка вырашыла прадаць запас дзіцячага харчаваньня, 49 слоікаў, якія сыну не падышлі. Дык ёй налічылі і таго больш – 6 мільёнаў. Хоць прадавала за паўкошту. Увогуле, выходзіць, што пад закон падпадаюць усе беларусы. Вось правёз на машыне чалавека, ён табе заплаціў - плаці пяціразовы падатак. Ты пайшоў суседу агарод выкапаць, сусед заплаціў - плаці пяціразовы падатак па сваім выглядзе дзейнасьці. А скардзіцца няма куды, бо такое заканадаўства».
Зараз Аляксандар падатак ужо заплаціў са свайго дзіцсадкоўскага заробку. Кажа, што працу пакуль так і не памяняў: ахвота зьнікла.
У Міністэрстве па падатках і зборах спасылаюцца на заканадаўства.
«Усталёўка сантэхнікі - гэта від дзейнасьці, які належыць да прадпрымальніцкай, - распавяла начальніца аддзелу падаткаабкладаньня індывідуальных прадпрымальнікаў Міністэрства па падатках і зборах Тацьцяна Пятрэнка. - Для таго каб ажыцьцяўляць такую дзейнасьць, трэба зарэгістравацца індывідуальным прадпрымальнікам і заплаціць адзіны падатак (для кожнага рэгіёну свой). Сама паслуга па ўстаноўцы абсталяваньня зьяўляецца аб'ектам падаткаабкладаньня адзіным падаткам. Гэты падатак трэба плаціць да таго, як вы пачалі аказваць такія паслугі. Калі фізычная асоба займаецца прадпрымальніцкай дзейнасьцю або іншай дзейнасьцю, якая можа ажыцьцяўляцца паводле заяўнага прынцыпу (пералік такіх відаў дзейнасьці можна прачытаць у артыкуле 295 Падатковага кодэкса Беларусі), і пры гэтым не рэгіструецца і ня плаціць падаткі, то яго абавяжуць заплаціць падатак».
«Да 1 студзеня мінулага году тых, хто трапіў упершыню, проста папярэджвалі пра адказнасьць за займаньне незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьцю і абавязвалі плаціць адзіны падатак. А з гэтага году ў Падатковым кодэксе Беларусі зьявіліся зьмены ў пункце 2.1 артыкулу 299. Сума ўзрасла ў пяць разоў. То бок парушальніка, які папаўся, абавяжуць плаціць адзіны падатак у пяціразовым памеры. Калі ўзяць як прыклад гэты выпадак, то ў Падатковым кодэксе выразна прапісаны тэрмін “ажыцьцяўленьне дзейнасьці”. Гэта дзеяньні плацельшчыка, накіраваныя на рэалізацыю тавараў (работ, паслуг), уключаючы прыняцьце ад спажыўца замовы на набыцьцё тавараў (выкананьне работ, аказаньне паслуг), а таксама іншыя аналягічныя дзеяньні, накіраваныя на рэалізацыю тавараў (работ, паслуг)», - патлумачыла Тацьцяна Пятрэнка.
http://onliner.by