Цэнтар прававой трансфармацыі сумесна з таварыствам «Зялёная сетка» накіравалі Віцебскаму аблвыканкаму камэнтары і прапановы, якія рэкамендуюць ім улічыць падчас мадэрнізацыі сайту выканкаму.
У 2014 годзе экспэрты Цэнтру прававой трансфармацыі правялі маніторынг напаўненьня сайтаў мясцовых органаў дзяржаўнага кіраваньня. Асноўная ўвага пры ацэнцы надавалася інфармацыі, разьмяшчэньне якой зьяўляецца абавязковай паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь.
Па выніках маніторынгу сайту Віцебскага абласнога выканаўчага камітэту Цэнтрам прававой трансфармацыі была выяўлена наступная недастатковая прадстаўленасьць:
– інфармацыі аб структурных падразьдзяленьнях;
– інфармацыі пра адміністрацыйныя працэдуры, што ажыцьцяўляюцца дзяржаўным органам;
– інфармацыі пра правядзеньне адкрытых паседжаньняў.
Выканкаму было прапанавана палепшыць даступнасьць свайго рэсурсу для невідушчых і слабавідушчых карыстальнікаў, а таксама дапоўніць сайт інфармацыяй, разьмяшчэньне якой хоць наўпрост не прадугледжанае заканадаўствам, але зьяўляецца грамадзка значнай і можа выклікаць асаблівую цікавасьць з боку карыстальнікаў. У прыватнасьці:
– інфармацыяй пра працэдуры абскарджаньня дзеяньняў дзяржаўнага органу;
– інфармацыяй пра выкананьне бюджэту;
– інфармацыяй пра дзяржаўныя закупкі.
Таварыства «Зялёная сетка», грунтуючыся на высновах і рэкамэндацыях па выніках праведзенага ў 2014 годзе дасьледаваньня сайтаў выканкамаў на прадмет інфармаваньня грамадзян аб правядзеньні грамадзкіх абмеркаваньняў па экалягічна значных пытаньнях, у тым ліку прапануе Віцебскаму абласному выканаўчаму камітэту:
– Стварыць на сайце разьдзел «Грамадзкія абмеркаваньні», дзе разьмяшчаць інфармацыю пра грамадзкія абмеркаваньні справаздач аб ацэнцы ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе (АУНА) плянаванай гаспадарчай дзейнасьці па аб'ектах у Віцебскай вобласьці.
– А таксама разьмяшчаць у адпаведным разьдзеле справаздачы аб АУНА аб'ектаў, што рэалізуюцца ў вобласьці, для азнаямленьня, пратаколы грамадзкіх абмеркаваньняў, пратаколы сходаў па абмеркаваньні справаздач аб АУНА.
Цэнтар прававой трансфармацыі і таварыства «Зялёная сетка» разьлічваюць, што мадэрнізаваны сайт Віцебскага абласнога выканаўчага камітэту будзе прыведзены ў адпаведнасьць з патрабаваньнямі заканадаўства Рэспублікі Беларусь, забясьпечыць зручнае выкарыстаньне карыстальнікам, а таксама стане эфэктыўнай і зразумелай крыніцай інфармаваньня грамадзян, у тым ліку пра правядзеньне грамадзкіх абмеркаваньняў.
eurobelarus.info