Намесьніца кіраўніка адміністрацыі Чыгуначнага раёну Натальля Ляпёшкіна, бадай, зьяўляецца лідэрам сярод чыноўнікаў Віцебску па колькасьці рашэньняў пра забароны мірных акцыяў, заявы на правядзеньне якіх раз-пораз падаюць грамадзяне ў органы выканаўчай улады. Атрымальнікам чарговай забароны ад спадарыні Ляпёшкінай стаў праваабаронца Леанід Сьвецік, які хацеў 4 жніўня зладзіць пікет.
Прычына забароны – традыцыйная для Віцебску: адсутнасьць дамоваў на абслугоўваньне акцыі з работнікамі ЖКГ, супрацоўнікамі аховы правапарадку і мэдыкамі. Грамадзкія і палітычныя актывісты ня раз спрабавалі дамагчыся заключэньня такіх дамоваў ад дзяржаўных органаў і арганізацыяў гораду. Але насустрач ім ідуць толькі камунальнікі, міліцыянты ж і лекары заўсёды знаходзяць нейкія прычыны, каб дамоваў не заключаць.
Леанід Сьвецік, падаючы заяву на пікет, прадбачыў, што ўлады, найхутчэй, забароняць акцыю менавіта праз адсутнасьць дамоваў. Таму прасіў раённую адміністрацыю даць распараджэньне адпаведным службам заключыць дамовы з арганізатарамі пікету.
Чыноўнікі такога распараджэньня не далі, а спадарыня Ляпёшкіна растлумачыла праваабаронцу, які таксама паведамляў адміністрацыі раёну пра абавязак уладаў забясьпечыць на імпрэзе грамадзкі парадак, мэдычнае і камунальнае абслугоўваньне за кошт дзяржавы, што аплата выдаткаў, зьвязаных з аховай грамадзкага парадку, мэдычным абслугоўваньнем падчас масавага мерапрыемства і прыборкай тэрыторыі на месцы яго правядзеньня, прадугледжаная законам «Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь».
Леанід Сьвецік нездарма хацеў правесьці пікет менавіта 4 жніўня. Гэты дзень праваабаронцамі сьвету быў абвешчаны Міжнародным днём салідарнасьці з грамадзянскай супольнасьцю Беларусі. Адбылося гэта пасьля таго, як 4 жніўня 2011 году ў Менску быў арыштаваны кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі, які ў выніку правёў за кратамі тры гады.
«Заяўкі на правядзеньне пікетаў у Міжнародны дзень салідарнасьці з грамадзянскай супольнасьцю Беларусі праваабаронцы Віцебску падаюць штогод. І штогод улады забараняюць гэтыя пікеты. У цяперашняй сытуацыі такая рэакцыя уладаў на нашы заяўкі запраграмаваная становішчам як з правамі чалавека ў краіне ў цэлым, гэтак і са свабодай на правядзеньне мірных сходаў у Віцебску. На тое, каб дазваляць пікеты, мітынгі і сходы, няма палітычнай волі мясцовых уладаў. Даваць грамадзянам магчымасьць публічна выказваць свае думкі і ідэі лічыцца немэтазгодным», – пракамэнтаваў віцебскі праваабаронца забарону Ляпёшкінай на правядзеньне пікету.
«Але, нягледзячы на ўсе забароны, віцебскія праваабаронцы праз СМІ будуць даносіць да грамадзян інфармацыю пра тое, што ў сучаснай Беларусі за кратамі знаходзяцца палітычныя апанэнты існай улады. Гэтыя людзі, зьняволеныя за сваю палітычную і грамадзянскую пазыцыю, прызнаныя міжнароднай супольнасьцю палітвязьнямі і вязьнямі сумленьня. Наша грамадзянская пазыцыя, спадзяюся, зьменшыць іхныя пакуты, падбадзёрыць і паспрыяе іх хутчэйшаму вызваленьню», – заявіў Леанід Сьвецік.
Віцебская вясна