Тэндэр на мадэрнізацыю сайту Віцебскага абласнога выканаўчага камітэту разьмясьціла Галоўнае ўпраўленьне ідэалягічнай работы, культуры і па справах моладзі. Прыкладны кошт работ – 140 000 000 рублёў.
Тэрмін на распрацоўку і запуск новай вэрсіі сайту даецца невялікі, згодна з умовамі тэндэру яна павінна быць гатовая да 5 кастрычніка 2015 году, г.зн. распрацоўшчыкі павінны пасьпець да пачатку галасаваньня на выбарах прэзыдэнта. Аплата работ па мадэрнізацыі будзе ажыцьцёўленая са сродкаў абласнога бюджэту.
Для сайта павінен быць распрацаваны новы мастацкі стыль, мадыфікаваныя існуючыя модулі і распрацаваныя новыя. Апроч таго, ён павінен быць прыведзены ў адпаведнасьць са стандартам СТБ 2105-2012.
З новых функцыяў і сэрвісаў патрабуецца рэалізаваць разьдзел актуальных навін на галоўнай старонцы з магчымасьцю пераключэньня па тэмах «з анімацыйнымі эфэктамі». Таксама ў сайту аблвыканкаму, нарэшце, павінна зьявіцца вэрсія, адаптаваная для прагляду з мабільных прылад.
Мадыфікацыі падвергнуцца наступныя модулі, якія ўжо існуюць: фотагалерэя – тут зноў-такі чыноўнікі хочуць анімацыйныя эфэкты, а таксама вокны-вынырцы; пошукавая сыстэма – патрабуецца, каб у выніках пошуку выводзілася дата зьмены дакумэнту, а для фарматаў, адрозных ад HTML, – таксама фармат і памер дакумэнту; відэагалерэя павінна быць прыведзеная ў адпаведнасьць са стандартам HTML5; разьдзел «Пытаньні і адказы»; форма зваротнай сувязі.
Для сайту павінен быць распрацаваны новы арыгінальны дызайн. Ён павінен быць максымальна простым і зручным для канчатковага карыстальніка, пры гэтым не дапушчальная яго перагрузка графічнымі элемэнтамі, якія зьніжаюць хуткасьць загрузкі сайту.
Мяркуючы па інфармацыі на сайце Віцебскага аблвыканкаму, папярэдні раз ён мадыфікаваўся ў 2012 годзе. Пры гэтым, выглядае, зь нейкай прычыны работы так і не былі даведзеныя да канца. Напрыклад, замест падпіскі на RSS выдаецца памылка 404, а на галоўнай старонцы прысутнічаюць чорныя блёкі з тэкстам «Замяніць». Апроч таго, ужо некалькі гадоў забароненая індэксацыя сайту аблвыканкаму робатамі пошукавых сыстэм і, адпаведна, пошук па ім з дапамогай Google або Яндэкс немагчымы.
news.vitebsk.cc