Гэта ўжо другая спроба разгледзець адміністрацыйную справу незалежнага журналіста. Як паведамілі яму ў тэлефоннай размове, працэс мае распачацца ў чацьвер, 23 ліпеня, а 14:30 у Глыбоцкім райсудзе.
Зьмітра Лупача вінавацяць у парушэньні заканадаўства аб СМІ і часткі 2 артыкулу 22.9 КаАП (незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ). Падставай для складаньня пратакола стаў матэрыял “Знайшліся сваякі памежніка, які загінуў на Глыбоччыне 17 верасьня 1939 году”, разьмешчаны 9 чэрвеня на сайце “Эўрарадыё”.
Суд над незалежным журналістам быў прызначаны на 10 ліпеня, але не адбыўся. Пратакол, складзены 26 чэрвеня старшым інспэктарам аддзелу аховы правапарадку і прафіляктыкі Глыбоцкага РАУС Вячаславам Барылам, вярнулі на дапрацоўку ў міліцыю. На дакумэнце не было подпісу журналіста пра тое, што яму патлумачылі яго правы.
10 ліпеня (праз два тыдні пасьля складаньня пратаколу) журналіста выклікалі ў міліцыю і прапанавалі падпісаць асобны дакумэнт – пра тое, што яго пазнаёмілі з правамі і абавязкамі асобы, у дачыненьні да якой завялі адміністрацыйную справу.
baj.by