Рашэньне № 881 «Аб масавых мерапрыемствах у горадзе Віцебску» ад 10 ліпеня 2009 году робіць, па сутнасьці, немагчымай рэалізацыю права жыхароў Віцебску на мірныя сходы. Праваабаронца Павал Левінаў спрабуе зьмяніць сытуацыю. Цягам апошніх некалькіх месяцаў ён зьвяртаўся ў Галоўнае ўпраўленьня юстыцыі Віцебскага аблвыканкаму, двойчы скардзіўся ў Мін'юст. А цяпер ім пададзеная скарга ў суд...
Праблема са згаданым рашэньнем № 881 ня толькі ў тым, што яно адводзіць пад масавыя мерапрыемствы ўсяго тры пляцоўкі ў малалюдных месцах 370-тысячнага гораду. Асноўная праблема – нават у гэтых адмысловых месцах легальна правесьці пікеты, мітынгі і вулічныя шэсьці немагчыма. Бо на правядзеньне любой акцыі трэба атрымліваць дазвол ад мясцовых уладаў, а тыя дазволаў не даюць, патрабуючы, згодна з рашэньнем № 881, мець дамовы на абслугоўваньне акцыяў са службай ЖКГ, міліцыяй і паліклінікай. За шэсьць гадоў дзеяньня рашэньня № 881 выканаць гэтае патрабаваньне яшчэ нікому не ўдалося.
Грамадзяне, якія цягам апошніх шасьці гадоў спрабавалі заключыць неабходныя дамовы, дамагліся толькі таго, што цяпер на заключэньне дамоваў пагаджаюцца камунальнікі. Але гэтага недастаткова. Мэдыкі зазвычай спасылаюцца на тое, што ў іх пік захворваньня і, наогул, яны ня ведаюць, ці будуць мець вольныя брыгады мэдычнай дапамогі, каб абслугоўваць акцыю ў патрэбны час, таму дамову заключыць ня могуць. Міліцыянты ж кажуць пра сваю гатоўнасьць заключыць дамову, але толькі пасьля таго, як будзе атрыманы дазвол на правядзеньне акцыі ад уладаў – атрымліваецца зачараванае кола: уладам патрэбна дамова, каб даць дазвол, а праваахоўнікі хочуць сьпярша дазволу, каб заключыць дамову.
Віцебскія грамадзкія і палітычныя актывісты ня раз спрабавалі, у тым ліку праз суды, дамагчыся, каб улады перагледзелі рашэньне № 881, але штораз ім казалі, што рашэньне прайшло юрыдычную экспэртызу, прызнанае адпаведным заканадаўству, таму ўносіць якія-кольвек зьмены ў яго няма патрэбы.
Вядома, сытуацыя, што склалася ў горадзе, зь немагчымасьцю для грамадзян ладзіць мірныя сходы праз рашэньне № 881, ня можа не турбаваць праваабаронцаў. У сакавіку Павал Левінаў зьвярнуўся да начальніка Галоўнага ўпраўленьня юстыцыі Віцебскага аблвыканкаму Сяргея Канапелькі, выказаўшы сваю нязгоду з заключэньнем органу, які ён узначальвае, – у 2009 годзе менавіта ўпраўленьне юстыцыі рабіла экспэртызу на прадмет адпаведнасьці рашэньня № 881 заканадаўству.
Разгледзеўшы зварот, спадар Канапелька паведаміў праваабаронцу, што «не прадугледжаная працэдура паўторнага правядзеньня абавязковай экспэртызы нарматыўных прававых актаў выканаўчых і распарадчых органаў базавага ўзроўню».
Не пагадзіўшыся з такім адказам, Павал Левінаў абскардзіў яго ў Міністэрства юстыцыі. Міністэрства прызнала скаргу абгрунтаванай і выдала прадпісаньне Галоўнаму ўпраўленьню юстыцыі Віцебскага абласнога выканаўчага камітэту прадпісаньне аб належным разглядзе звароту.
Начальнік упраўленьня юстыцыі, разгледзеўшы зварот Левінава паўторна, даў такі адказ: «Па выніках праведзенай абавязковай юрыдычнай экспэртызы ў дачыненьні да рашэньня 881 галоўным упраўленьнем юстыцыі Віцебскага абласнога выканаўчага камітэту вынесенае заключэньне, якое зьмяшчае абгрунтаваную выснову пра адпаведнасьць гэтага рашэньня крытэрам ацэнкі нарматыўнага прававога акту і пра дапушчальнасьць уключэньня яго ў Нацыянальны рэестар прававых актаў Рэспублікі Беларусь. Такім чынам, рашэньне № 881 адпавядае міжнародным дамовам Рэспублікі Беларусь».
Павал Левінаў абскардзіў і гэты адказ. Але зь Міністэрства юстыцыі яму паведамілі, што па сутнасьці пастаўленых ім пытаньняў начальнікам упраўленьня юстыцыі гэтым разам быў дадзены вычарпальны адказ.
Ліст, атрыманы зь Мін'юсту, не задаволіў Паўла Левінава, і цяпер ён вырашыў зьвярнуцца ў суд. Праваабаронца просіць суд «прызнаць адказ начальніка галоўнага ўпраўленьня юстыцыі Віцебскага абласнога выканаўчага камітэту Канапелькі С.П. не заснаваным на нормах дзейнага заканадаўства».
На думку Левінава, апошні, даючы адказ на ягоны зварот, праігнараваў тое, што нормай дзейнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь зьяўляецца Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правох. Для назіраньня і кантролю над дзяржавамі – удзельнікамі пакту быў створаны Камітэт ААН па правох чалавека (КПЧ), кампэтэнцыю якога прымаць і разглядаць пісьмовыя звароты грамадзян аб парушэньні дзяржавай іх правоў, пералічаных у пакце, прызнала Беларусь. Рашэньнямі КПЧ, прынятымі па паведамленьнях шэрагу жыхароў Віцебску, Беларусь прызнаная парушальнікам правоў грамадзян на свабоду выказваньня думак і на мірныя сходы.
«Камітэт пазначыў, што Рэспубліцы Беларусь трэба зрабіць захады, каб гэткія парушэньні не паўтараліся ў будучыні. У рашэньні Камітэту ААН па правох чалавека ад 17 ліпеня 2014 году наўпрост указана, што цяжкія патрабаваньні пра неабходнасьць заключаць дамовы з трыма асобнымі органамі робіць ілюзорным права на мірныя сходы, што сьведчыць пра парушэньне Рэспублікай Беларусь артыкулу 21 пакту. Такім чынам, калі Камітэт ААН па правох чалавека ў сваіх рашэньнях паказвае на неадпаведнасьць палажэньняў рашэньня № 881 палажэньням міжнароднай дамовы Рэспублікі Беларусь (пакту), адказ начальніка галоўнага ўпраўленьня юстыцыі Віцебскага абласнога выканаўчага камітэту Канапелькі С.П., безумоўна, хібны», – абгрунтоўвае сваю пазыцыю Павал Левінаў у сваёй заяве ў суд.
Віцебская вясна