Нягледзячы на тое, што з 2 траўня 2013 году грамадзкі актывіст Рафаэль Габрыэль Саламонавіч Кірылаў-Шмільхольдхард зарэгістраваны ў гарадзкім цэнтры занятасьці ў якасьці беспрацоўнага, дапамогі па беспрацоўі ён не атрымлівае: ад яго патрабуюць спачатку адпрацаваць на грамадзкіх працах 22 працоўныя дні. Актывіст паспрабаваў зьмяніць сытуацыю, зьвярнуўшыся ў суд, але гэта яму не дапамагло.
Судзьдзя суду Кастрычніцкага раёну гораду Віцебску Алена Папкова, разгледзеўшы скаргу актывіста на адмову Віцебскага гарадзкога ўпраўленьня па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне насельніцтва ў выплаце яму дапамогі па беспрацоўі, пакінула пададзены працэсуальны дакумэнт бяз руху. Як тлумачыцца ў судовым вызначэньні, скарга пададзеная з парушэньнем вызначаных заканадаўствам нормаў.
Сутнасьць у тым, што з пункту гледжаньня суду «заяўленыя Кірылавым-Шмільхольдхардам патрабаваньні неканкрэтныя», з прычыны чаго ня можа быць разгледжаная і просьба заяўніка аб вызваленьні яго ад выплаты дзяржпошліны, а, «значыць, судом ня можа быць вырашанае пытаньне пра ўзбуджэнне вытворчасьці па справе».
Спадар Кірылаў-Шмільхольдхард, зьвяртаючыся ў суд, спадзяваўся, што той возьме пад увагу факт наяўнасьці ў яго справе беспрацоўнага шматлікіх мэдычных заключэньняў «урачэбна-кансультацыйных камісіяў, якія забараняюць па наяўных шматлікім мэдычных паказаньнях (хранічных захворваньнях) удзельнічаць (яму) у грамадзкіх працах». Хоць сваімі ранейшымі дзеяньнямі ўпраўленьне па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне ўскосна пацьвердзіла наяўнасьць у актывіста такіх хранічных захворваньняў - за ўвесь пэрыяд яго рэгістрацыі беспрацоўным ні разу не накіравала яго для ўдзелу ў грамадзкіх працах.
Незаконныя, на яго думку, дзеяньні з боку дзяржавы, якія пазбавілі яго сацыяльных гарантыяў, Кірылаў-Шмільхольдхард лічыць перасьледам па палітычных матывах. Актывіст мяркуе, што яго ранейшая палітычная і грамадзкая дзейнасьць прывяла да прадузятага стаўленьня з боку асобных чыноўнікаў, якія маюць да яго асабістую непрыязнасьць. Так, напрыклад, 11 красавіка 2012 году ён зьвярнуўся ў гарвыканкам з заявай аб правядзеньні пікету пад лёзунгам «Жабракі, беспрацоўныя, ахвяры палітычных рэпрэсіяў - яднайцеся!». Пасьля гэтага па распараджэньні старшыні Віцебскага абласнога выканаўчага камітэту па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне Аляксандра Хрыстафорава ён быў зьняты з уліку ў якасьці беспрацоўнага.
Апроч таго, як сьцьвярджае Кірылаў-Шмільхольдхард, з боку былога старшыні Віцебскага аблвыканкаму Аляксандра Косінца і вышэйзгаданага Хрыстафорава «ініцыяваўся ціск з боку псыхалягічных службаў вобласьці, якія без законных падстаў спрабавалі засадзіць (яго) ў псыхушку». Пазьбегнуць прызначанай чыноўнікамі долі ўдалося толькі «дзякуючы вялікаму рэзанансу ў сацыяльных сетках і міжнародным праваабарончым арганізацыям».
Не пакінулі, на думку актывіста, асобныя прадстаўнікі ўлады без увагі і таго факту, што ён неаднаразова заяўляў пра свой намеры ўзяць актыўны ўдзел у якасьці незалежнага назіральніка на адным з выбарчых участкаў на маючых адбыцца ў 2015 годзе выбарах прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь. «Грамадзян, якія выказваюць сваю думку пра існуючы ў Рэспубліцы Беларусь рэжым і якія ўдзельнічаюць у прапагандзе дэмакратыі, чакае доля беспрацоўных», - робіць выснову Рафаэль Габрыэль Кірылаў-Шмільхольдхард.
Віцебская вясна