Мерапрыемствы ладзіліся ў красавіку і траўні супрацоўнікамі 7-га ўпраўленьня (па Віцебскай вобласьці) галоўнага ўпраўленьня па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй МУС Беларусі.
У Віцебскай вобласьці падведзеныя вынікі комплексу апэратыўна-вышуковых мерапрыемстваў адносна асоб, якія маюць дачыненьне да незаконных дзеяньняў з агнястрэльнай зброяй, боепрыпасамі, выбуховымі рэчывамі і выбуховымі прыладамі, у тым ліку якія вядуць незаконныя раскопкі ў месцах баявых дзеяньняў часоў Другой сусьветнай вайны.
Як паведамляе УУС Віцебскага аблвыканкаму, зь незаконнага абароту канфіскавана 15 адзінак агнястрэльнай зброі, у тым ліку чатыры - наразной, восем складальных частак агнястрэльнай зброі, дзьве наразныя ўстаўкі пад паляўнічыя стрэльбы, больш за 700 патронаў рознага калібру, больш за кіляграм пораху.
Паводле вынікаў прызначаных экспэртыз канфіскаванай зброі і боепрыпасаў будзе вырашанае пытаньне аб прыцягненьні 12 асоб да адказнасьці на падставе часткі 2 артыкулу 295 Крымінальнага кодэксу, сямі асоб - да адміністрацыйнай адказнасьці.
Так, 4 траўня ў жыхара Віцебску 1949 году нараджэньня дома была знойдзеная і канфіскаваная стрэльба, вырабленая самаробным спосабам з гладкаствольнай паляўнічай стрэльбы мадэлі ІЖ-18Е. У канструкцыю стрэльбы былі ўнесеныя зьмены ў выглядзе запрасоўкі ў рулю наразной рулі ад агнястрэльнай зброі калібру 7,62 мм. У дачыненьні да грамадзяніна Віцебскім ГАСК распачатая справа на падставе часткі 2 артыкулу 295 КК.
5 траўня дома ў жыхара Віцебску 1970 году нараджэньня была знойдзеная і канфіскаваная двухствольная паляўнічая стрэльба ІЖ 56-3 ("Вавёрка-3") калібру 5,6/28, вырабленая заводзкім спосабам, якая зьяўляецца камбінаванай (наразной і гладкаствольнай) паляўнічай агнястрэльнай зброяй, з выкарыстаньнем спартыўна-паляўнічых патронаў кальцавога запальваньня калібру 5,6х16R і паляўнічых патронаў 28-га калібру, прыдатная для стральбы зь верхняй наразной рулі.
Канфіскавана таксама 12 спартыўна-паляўнічых патронаў кальцавога запальваньня калібру 5,6х16R, вырабленых заводзкім спосабам. Яны зьяўляюцца боепрыпасамі да спартыўнай і паляўнічай наразной агнястрэльнай зброі калібру 5,6 мм, прыдатнымі для стральбы. Віцебскім ГАСК распачатая справа на падставе часткі 2 артыкулу 295 КК.
belapan.com