Мінула менш за тыдзень пасьля абвяшчэньня аршанскім судом адмовы сябру аргкамітэту па стварэньні партыі БХД Ігару Грышанаву ў задавальненьні яго пазову супраць птушкафабрыкі, як прадстаўнікі мясцовай улады сабралі сход жыхароў, каб адхіліць яго ад пасады старасты вёскі. Жыхары не падтрымалі ініцыятыву ўладаў, але апошнія не супакоіліся і распачалі кампанію па дыскрэдытацыі няўгоднага вясковага кіраўніка.
Кароткая храналёгія падзеяў: 24 красавіка адбыўся суд па пазове старасты вёскі Стаўры Аршанскага раёну, мясцовага фэрмэра і гаспадара аграсядзібы Ігара Грышанава. Пазоўнік прасіў суд прызнаць дзеяньні ААТ «Птушкафабрыка Аршанская» па зносе будынку «Стаўроўскі сельскі клюб» парушаючымі права на духоўнае разьвіцьцё, захаваньне абрадаў, нацыянальнай культуры і звычаяў. Суд пазоў не задаволіў. А 30 красавіка старшыня сельсавету тэрмінова абвясьціла сход жыхароў вёскі. Галоўным пунктам парадку дня было пераабраньне старасты. Вяскоўцы не падтрымалі ініцыятыву сельсавету, і Ігар Грышанаў застаўся пры сваёй пасадзе. І вось, як стала вядома, 5 траўня сельсавет расклеіў па ўсё вёсцы абвесткі, у якіх паведамляецца, што Ігар Грышанаў нібыта быў абраны старастам незаконна.
Пра гісторыю са зносам сельскага клюбу і суд, што адбыўся 24 красавіка, мы ўжо паведамлялі раней. Цяпер больш падрабязна пра падзеі, якія мелі месца пасьля суду.
30 красавіка зь ініцыятывы старшыні Бабініцкага сельскага савету Марыны Матвеевай адбыўся сход жыхароў вёскі Стаўры. Прысутныя выказаліся супраць прапановы пераабраць вясковага старасту. Сход праходзіў наўпрост на вуліцы каля дому Ігара Грышанава, побач з усталяваным ушанавальным крыжам. Бо пасьля зьнішчэньня Аршанскай птушкафабрыкай мясцовага клюбу, які нібыта знаходзіўся ў аварыйным стане, вяскоўцы пазбавіліся апошняга будынку, прыдатнага для збору людзей.
Як кажа спадар Ігар, гэты сход быў самым вялікім з усіх праведзеных тут да таго. Прысутнічалі трыццаць два чалавекі – палова вёскі. Нават тады, калі функцыянаваў вясковы клюб, на мерапрыемствы гэткага кшталту зьбіралася ня больш за дваццаць чатыры жыхары.
Аўтарытэт Ігара Грышанава сярод землякоў досыць высокі, і таму, як распавялі ўдзельнікі сходу, дзеля яго дыскрэдытацыі старшыня сельсавету ўжыла досыць брудныя сродкі. Але ні хлусьня, ні намовы не дапамаглі ёй у гэтай справе. Як зьдзек і трызьненьне ўспрынялі сяляне заклён старшыні савету пра тое, што, Ігар Грышанаў «не начуе дома», а гэта нібыта не дае яму права заставацца старастам. Бо свае грамадзкія абавязкі ён выконвае добрасумленна і згодна зь дзейным заканадаўствам, зьяўляецца мясцовым жыхаром (у бацькоўскім доме прапісаны з 1999 году), мае 1,5 гектару зямлі, сад, пчэльню.
Пасьля таго, як ніводна з кандыдатак, прапанаваных Матвеевай на месца вясковага старасты, не дала сваёй згоды, пасаромленая людзьмі старшыня сельсавету пакінула сход, арганізаваны выключна дзеля таго, каб зьняць старасту. Пасьля яе ад'езду жыхары вёскі адзінагалосна падтрымалі свайго старасту, што і было зафіксавана ў пратаколе сходу. «Людзі ўсе як адзін прагаласавалі за мяне, бо пабачылі, што сельскі савет падманвае», – зазначае Ігар Грышанаў.
Спадар Грышанаў балюча перажывае гісторыю заняпаду сваёй уласнай вёскі Пуцяціна, калісьці заснаванай казакамі. Як можа, ён супрацьстаіць гэтаму працэсу. Дзякуючы ягоным намаганьням у вёсцы Стаўры цяпер хаця б ёсьць вуліца Пуцяціна, якая нагадвае пра мінулае малой радзімы.
Жахлівыя экспэрымэнты, праведзеныя бальшавікамі і іхнымі пасьлядоўнікамі зь беларускай вёскай, прывялі да зьнікненьня тысяч беларускіх хутароў і паселішчаў. Адбылося заплянаванае вынішчэньне сапраўднага гаспадара. На зьмену яму прыйшоў паслухмяны і пакорлівы ўладзе наёмны працаўнік, не зацікаўлены ў канчатковых выніках сваёй працы. Цяпер на зямлі ўжо няма каму гаспадарыць, але гэта мала турбуе тутэйшыя ўлады. Галоўнае, каб народ быў паслухмяным і лёгка кіруемым.
Пасьля таго, як у сямідзясятыя зь вёскі ў гарады пабегла моладзь, пачаўся паступовы працэс заняпаду сялянскага ладу жыцьця: зачынілася школа, крама, апошняй кропкай сталася зьнішчэньне клюбу. «Цярпеньне на зыходзе, і таму я давёў справу да суду. За гэта супраць мяне ўзброіліся юрысты птушкафабрыкі, буйной арганізацыі Аршанскага раёну, і юрысты Аршанскага райвыканкаму. Замест таго, каб займацца справай, яны шукаюць аргумэнты для доказу сваёй «праваты» ў справе зносу вясковага клюбу. Уявіце сабе, у Менску цяпер жыве блізу двух мільёнаў чалавек, і ў вясковай мясцовасьці на ўсёй Беларусі жыве прыкладна столькі ж. І гэтыя два мільёны ўлада заўжды падманвала: заробкі ў іх былі заўжды меншыя, а вось зьдзекі зь людзей – большыя. Узяць хаця б аўтакраму: тэрмін прыдатнасьці прадукту сыходзіць, і яны грузяць яго ў аўтамабіль і вязуць вяскоўцам. Чаму так? Ці тут сьвіньні жывуць, ці тут людзі другога гатунку?» – эмацыйна камэнтуе падзеі нязьменны з 2004 году стараста вёскі Стаўры Ігар Грышанаў.
Здавалася б, народ адстаяў сваю пазыцыю. Аднак справа на гэтым ня скончылася: апоўдні 5 траўня ў вёсцы Стаўры ледзь не на кожным слупе, як сьцьвярджаюць сьведкі, прадстаўніцай Бабініцкага сельскага Савету былі разьмешчаныя абвесткі, ў якіх паведамляецца, што абраньне Ігара Грашанава старастам трэба лічыць незаконным, бо пры ягоным вылучэньні нібыта была парушаная працэдура правядзеньня сходу. Апроч гэтага, у тэксце аб'явы агалошваецца інфармацыя пра тое, што І. Грышанаў «пражывае ў горадзе Ворша па адрасе...у сваёй уласнай кватэры»
Вось што з гэтай нагоды кажа спадар Ігар: «У мяне ёсьць пратакол нашага вясковага сходу, дзе народ аднагалосна прагаласаваў за маё абраньне старастам вёскі Стаўры. Працэдура правядзеньня сходу не парушалася, мы абралі старшыню сходу і сакратара, якая і занесла ў пратакол усе неабходныя зьвесткі. Пратакол падпісаны. Усё як мае быць. А вось па якім праве вы публічна агалошваеце адрас маёй кватэры? Я на гэта дазволу не даваў. Прапісаны я ў вёсцы, у бацькоўскім доме, хаця законам не забаронена мець яшчэ адно месца для пражываньня. З гэтай нагоды маю намер заўтра зьвярнуцца ў міліцыю і пракуратуру: хай разьбяруцца, хто разьвесіў гэтыя абвесткі, і зь якой мэтай трэба ўсім паведамляць пра адрас маёй аршанскай кватэры. А пасьля ўжо буду мець усе падставы для перадачы матэрыялаў справы ў суд дзеля адстойваньня свайго гонару і годнасьці».
Віцебская вясна