У праваслаўных цэрквах Віцебску, а таксама вобласьці актыўна распаўсюджваецца газэта «Наше Православие». Гэта афіцыйны друкаваны орган Віцебскай эпархіі БПЦ (Маскоўскі патрыярхат). Наклад – 1000 асобнікаў. Старыя нумары распаўсюджваюцца ў цэрквах бясплатна. Рэдактарам газэты зьяўляецца вядомы дзеяч рускага руху Андрэй Герашчанка.
Актывіст кампаніі «Маладая Беларусь», праваслаўны вернік Аляксандар Галавань азнаёміўся са зьместам газэты. «Выданьне друкуе інтэрвію з расейскімі наймітамі – сэпаратыстамі з шэрагу «ДНР» і «ЛНР» на сваіх старонках і адкрыта ўсхваляе тым удзел праваслаўных вернікаў ва ўзброенным канфлікце ва Ўкраіне», - кажа Галавань.
У адным з сакавіцкіх нумароў «Наше православие» надрукавала матэрыял з назвай «Захад ня можа зьмірыцца з тым, што Расея памацнела». Гэта гутарка з Маргарытай Зайдлер, грамадзянкай Нямеччыны, якая ваюе за баевікоў «Наваросіі». Зайдлер прызнаецца, што «прыняла Праваслаўе і стала ў шэрагі апалчэнцаў у абложаным Славянску, а пасьля ў Данецку» ды цяпер ваюе там «ня толькі супраць фашызму, а іменна за веру праваслаўную».
Найміты прадстаўленыя, як «праваслаўныя байцы: …яны самыя адважныя, …яны сабой прыкрываюць таварышаў, гатовыя "пакласьці душу сваю за другі свая", як сказана ў Сьвятым Пісаньні». Няўдзел праваслаўнага верніка ў ваенным канфлікце ва Ўкраіне (вуснамі М. Зайдлер) «калі вера Праваслаўная і Айчына ў небясьпецы» называецца грэхам.
«Я ўважаю … за грэх скласьці рукі і сказаць: "Ну, я вернік, пацыфіст, я не магу браць у рукі зброю". Далей "апалчэнцаў" і сябе асабіста яна ставіць у адзін шэраг з Александрам Неўскім і Сергіем Раданескім», - расказвае жыхар Віцебску Аляксандар Галавань.
Актывіст «Маладой Беларусі» задаецца пытаньнем, ці не падпадаюць гэтыя заклікі і «артыкулы» пад артыкул 123 Крымінальга Кодэксу РБ - «Прапаганда вайны».
Дарэчы, адметна, што галоўным рэдактарам газэты «Наше православие» зьяўляецца актывіст рускага руху Андрэй Герашчанка. Раней ён працаваў начальнікам аддзелу па справах моладзі адміністрацыі Кастрычніцкага раёну Віцебску. У сваіх шматлікіх матэрыялах ён адмаўляў існаваньне беларускай нацыі і дзяржавы. Празь некаторы час яго звольнілі з чыноўніцкай пасады.
Летась падчас звароту да народу і парлямэнту Аляксандар Лукашэнка згадаў аднаго дзеяча зь Віцебску, відавочна маючы на ўвазе Андрэя Герашчанку. Лукашэнка выказаў зьдзіўленьне, што яго дагэтуль ня выкінулі зь Беларусі. «Да такіх людзей трэба ставіцца як да дывэрсантаў», - сказаў Лукашэнка.
Як бачым, у Віцебскай эпархіі да такіх рэкамэндацыяў зусім не прыслухаліся, а, наадварот, прызначылі Герашчанку на кіроўную пасаду.
Наша Ніва