Судом Чыгуначнага раёну Віцебску 13 красавіка быў вынесены прысуд у дачыненьні да былога сьледчага міжраённага аддзелу Сьледчага камітэту, які абвінавачваўся ва ўчыненьні злачынстваў, прадугледжаных часткай 3 артыкулу 328 Крымінальнага кодэксу.
Як адзначаецца ў паведамленьні прэс-службы Вярхоўнага суду, абвінавачаны, працуючы на пасадзе сьледчага міжраённага аддзелу СК і маючы спэцыяльнае званьне старшы лейтэнант юстыцыі, быў абавязаны змагацца зь любымі парушэньнямі закону, аднак учыніў асабліва цяжкія злачынствы супраць здароўя насельніцтва. Пры гэтым у яго былі карысьлівыя меркаваньні і сваімі супрацьпраўнымі дзеяньнямі ён здрадзіў інтарэсам службы.
Зь лютага па 23 верасьня 2014 году абвінавачаны, маючы намер на незаконны абарот наркатычных сродкаў, псыхатропных рэчываў і іх аналягу, з карысьлівых меркаваньняў у нявызначаных асоб у Наваполацку, Полацку, Полацкім раёне, Менску і Менскім раёне незаконна, з мэтай збыту набыў небясьпечны наркатычны сродак марыхуану, асабліва небясьпечныя псыхатропных рэчывы, аналяг асабліва небясьпечнага псыхатропнага рэчыва і рэчыва з утрыманьнем асабліва небясьпечных псыхатропных рэчываў. Наркотыкі абвінавачаны захоўваў пры сабе, перавёз на грамадзкім транспарце дадому, разьдзяліў на часткі і працягваў захоўваць з мэтай далейшага збыту.
Затым абвінавачаны праз інтэрнэт займаўся распаўсюдам названых рэчываў: паведамляў наркаспажыўцам рэквізіты электроннага гаманца, куды неабходна пералічыць грошы за наркотыкі, а пасьля атрыманьня аплаты інфармаваў празь сетку пра месцазнаходжаньне тайніка з рэчывам.
Абвінавачаны на судовым сьледзтве віну прызнаў поўнасьцю.
Прыгаворам суду былы супрацоўнік СК прызнаны вінаватым у незаконных з мэтай збыту набыцьці, захоўваньні, перавозцы і незаконным збыце асабліва небясьпечных псыхатропных рэчываў, аналягу асабліва небясьпечнага псыхатропнага рэчыва, незаконных з мэтай збыту набыцьці, захоўваньні небясьпечнага наркатычнага сродку, учыненых асобай, якая раней учыніла злачынства, прадугледжанае артыкулам 328 КК, і на падставе часткі 3 артыкулу 328 КК прысуджаны да пакараньня ў выглядзе 12 гадоў пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці і адбываньнем пакараньня ў папраўчай калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. На падставе часткі 2 артыкулу 51 КК абвінавачаны пазбаўлены права займаць пасады, зьвязаныя са службай у праваахоўных органах, на пяць гадоў. У адпаведнасьці з артыкулам 60 КК пазбаўлены спэцыяльнага званьня старшы лейтэнант юстыцыі.
Прысуд законную моц не набыў і можа быць абскарджаны ў вызначаным законам парадку.
belapan.com