У Наваполацку «адкрылі» дзіцячы сад, які ў рэальнасьці не функцыянуе. На думку карыстальнікаў сацыяльных сетак, бацькоў маленькіх дзетак, якія літаральна засыпалі сваімі паведамленьнямі журналістаў, дзіцячы сад адкрыты не для наваполацкіх дзяцей, а асабіста для Натальлі Іванаўны Качанавай.
Віцэ-прэм'ер прыбыла 3 красавіка ў Наваполацак, на ўрачыстае адкрыцьцё комплекснай установы «Ясьлі-сад-пачатковая школа» ў раёне крамы «Нафтан» на Васілеўцах. Казалася пра тое, што гэта ўнікальны праект, аналягаў якому няма ў Беларусі. Усю цырымонію здымала тэлебачаньне, а самае галоўнае – у дзіцячым садку рэальна прысутнічалі дзеці, і казалася пра тое, што адчуваюць яны сябе ў новым садку вельмі камфортна.
Убачыўшы гэты сюжэт па тэлевізары, узрадаваныя жыхары Наваполацку памчаліся ў дзіцячы сад з мэтай уладкаваць туды сваіх дзетак – і гэта зразумела, паколькі прыгожая, новая, камфортная дзіцячая ўстанова не магла не прыцягнуць увагі многіх месьцічаў. Але рэальнасьць аказалася не такой ўжо і сьветлай, бацькі, якія прыйшлі ў дзіцячы садок, атрымлівалі аднолькавую інфармацыю пра тое, што дзіцячы сад яшчэ зусім не адкрыты, мала таго, набор пэрсаналу ў ім нават яшчэ не пачынаўся, а толькі стаіць у плянах.
У дадатак, высьветлілася, што ў будучыні дзіцячым садзе-школе-ясьлях, будзе функцыянаваць ўсяго тры дзіцячыя групы, хоць у тэлевізійным сюжэце казалі пра найвялікшую па ўмяшчальнасьці дзіцячую ўстанову ў краіне. Калі адбудзецца адкрыцьцё дзіцячай установы – ніхто адказаць ня здолеў. Расчараваным дзецям і бацькам змаглі толькі прапанаваць адпраўляцца дадому і чакаць тэлефанаваньня.
На жаль, наяўнасьць выхаванцаў у дзіцячым садку, які яшчэ не адкрыўся, стала не адзіным кур'ёзным здарэньнем. Паводле слоў абураных бацькоў, перад прыездам зь Менска Натальлі Качанавай супрацоўнікамі МНС старанна мыўся ўвесь асфальт перад дзіцячым садам. Усьлед за супрацоўнікамі МНС работнікі камунальных службаў старанна даводзілі асфальт «да бляску» з дапамогай мётлаў, швабраў і ануч.