Жыхары дому № 7 па вуліцы Міру ў Воршы масава прыйшлі на сход, каб вырашыць праблему добраўпарадкаваньня двара.
Дом у цэнтры гораду, дзе месьціцца кнігарня «Родник», з боку вуліцы выглядае цалкам прыстойна. Але такое адчуваньне імгненьнем зьнікае, калі заходзіш у двор. Вялікая безгаспадарная тэрыторыя са зьдзічэлымі запушчанымі кветнікамі, паўразьбітымі рэшткамі былых спартовых збудаваньняў і хаатычная паркоўка аўтамабіляў проста на траве.
У рэшце рэшт жыхарам такі стан спраў парадкам надакучыла. 2 красавіка амаль 70 жыхароў выйшлі на сход, каб перадаць Аршанскім камунальным службам свае прапановы па рамонце двара. Праект пляну яшчэ трэба ўзгадніць з зацікаўленымі арганізацыямі – газавікамі, водаканалам, электрасеткамі, сувязістамі і г.д. На сходзе абралі адказных асоб ад кожнага з васьмі пад'ездаў дому. Чыноўнікі пакуль сур'ёзных абяцаньняў даваць пабойваюцца, аднак жыхары дому маюць рашучы настрой і наважаныя дамагацца работ па добраўпарадкаваньні. Бо пад ляжачы камень вада не цячэ.
orsha.eu