На тэрыторыі Віцебскай каталіцкай дыяцэзіі пачала дзейнічаць перасоўная выстава ў абарону жыцьця і сям’і: «Ёсьць два шляхі: шлях жыцьця і шлях сьмерці».
Цэнтральны стэнд выставы, як камень на скрыжаваньні, заклікае задумацца пра выбар свайго шляху, пра наступствы рашэньняў, што прымаюцца ў самых галоўных пытаньнях быцьця: жыцьця і сьмерці.
Выстава складаецца з 20 рол-стэндаў і суправаджаецца мультымэдыйнымі прэзэнтацыямі. У ёй прадстаўленыя дэмаграфічныя праблемы сучаснага сьвету, трагедыя адмовы ад нараджэньня дзяцей, шкода кантрацэпцыі і абортаў для духоўнага і фізычнага здароўя мужа і жонкі. Акрамя таго, яна арыентуе слухачоў на цнатлівасьць, натуральнае і гарманічнае сужэнства, заснаванае на любові і ўзаемапавазе.
Выстава зьяўляецца вынікам пяцігадовай працы супрацоўнікаў і валянтэраў дабрачыннага фонду «Адкрытыя сэрцы». Яна заснаваная на вопыце правядзеньня лекцыяў на тэмы абароны жыцьця і сям’і ў розных аўдыторыях у 2007-2014 гадох. Афіцыйнае адкрыцьцё выставы адбылося 24 кастрычніка 2014 году ў Віцебску ў рамках канфэрэнцыі «Пэрспэктывы беларускага руху ў абарону жыцьця».
У першую чаргу выстава прызначаная для моладзі 15-25 гадоў, бо менавіта ў гэтым узросьце, як правіла, адбываецца выбар напрамку жыцьцёвага шляху, закладваюцца асноўныя маральныя арыенціры і зьдзяйсьняюцца першыя непапраўныя памылкі. Аднак ня менш цікавыя факты, прадстаўленыя на рол-стэндах выставы, будуць і для прадстаўнікоў больш старэйшых пакаленьняў: ніколі не бывае позна задумацца над тым, што адбываецца вакол, і зьмяніць сваё жыцьцё.
Выстава ўжо пачала свой шлях, пазнаёміцца зь ёй магла моладзь на сустрэчы ў Воршы, парафіяне парафіі Св. Айца Піё, а таксама парафіяне віцебскіх касьцёлаў Сьвятога Духа і Езуса Міласэрнага. Далей выстава будзе падарожнічаць па ўсёй Віцебскай вобласьці і за яе межамі.
catholicnews.by