У гандлёвым цэнтры «Эвіком» у Віцебску прайшоў сход прадпрымальнікаў. Некаторыя адмыслова прыйшлі на сустрэчу, бо зь 1 сакавіка так і не пачалі працаваць. Паводле Ірыны Яскевіч, удзельніцы аргкамітэту па стварэньні прафсаюзу прадпрымальнікаў «Разам», аднавілі працу каля паловы гандляроў.
Ірына Яскевіч: «Выйшлі на працу тыя, хто паверыў уладам. Гэта, скажам так, крэдыт даверу: што насамрэч ня будзе пакуль ніякіх пакараньняў за гандаль таварамі зь непацьверджанай якасьцю — якія ня маюць сэртыфікацыйных дакумэнтаў. Праз тое, што такіх дакумэнтаў мы здабыць ня можам, і праз тое, што непамерна растуць падаткі, прадпрымальнікі і спынялі працу. Хтосьці ўжо пачаў працаваць, і я мяркую, што такіх яшчэ дабавіцца бліжэйшым часам. На сходзе я распавяла, што 9 сакавіка ў дэпартамэнце прадпрымальніцтва прынялі прапановы ад нашай дэлегацыі, што зь імі пазнаёміліся і ў міністэрстве падаткаў. Прынамсі, нас выслухалі, і цяпер мы будзем чакаць вынікаў».
Паводле спадарыні Яскевіч, адна з прапановаў ад прадпрымальнікаў – зьменшыць падаткі, у прыватнасьці, за кошт спыненьня росту падвышальнага каэфіцыенту. Яшчэ адна – стварыць працоўную групу з уключэньнем туды прадпрымальнікаў, каб разам вырашаць праблему з дакумэнтамі аб сэртыфікацыі тавараў.
На сёньняшні дзень яснасьці ў апошнім пытаньні няма. Прадпрымальнікам абяцаюць, што працаваць можна «без дакумэнтаў» і што вось-вось будзе выдадзенае тлумачэньне, што гэта значыць – безь якіх канкрэтна дакумэнтаў. Таму палова віцебскіх прадпрымальнікаў аднавіла гандаль на рынках і ў гандлёвых цэнтрах, а палова чакае. Яны баяцца, што празь некарэктныя фармулёўкі абяцаньняў ад дзяржаўных структураў могуць трапіць пад карныя санкцыі за парушэньне правілаў гандлю.
Зь 1 сакавіка большасьць гандлёвых месцаў на рынках Віцебску, Полацку, Воршы, Гарадку і іншых гарадоў Віцебскай вобласьці, якія гандлююць таварамі лёгкай прамысловасьці, апусьцелі, а ралеты зачыніліся.
Гэткая сытуацыя склалася з-за таго, што 1 сакавіка, у адпаведнасьці з нормамі ўказу прэзыдэнта №222 ад 16 траўня 2014 году, скончыўся пэрыяд, на працягу якога індывідуальныя прадпрымальнікі, якія плацяць адзіны падатак, маглі рэалізаваць рэшткі прадукцыі лёгкай прамысловасьці, увезенай з краін Мытнага саюзу без дакумэнтаў, якія пацьвярджаюць набыцьцё і паступленьне гэтых тавараў.
З-за боязі, што кантралюючыя органы з гэтага дня пачнуць прымяняць санкцыі ў дачыненьні да гандляроў такой несэртыфікаванай прадукцыяй прадпрымальнікі вырашылі спыніць гандаль.
28 лютага на брыфінгу ў Менску намесьнік міністра эканомікі Дзьмітры Круты заявіў, што найбліжэйшым часам урад Беларусі падрыхтуе дакумэнт наконт легалізацыі продажу рэшткаў тавараў лёгкай прамысловасьці індывідуальнымі прадпрымальнікамі, якія ня маюць на іх дакумэнтаў. Апроч таго, чыноўнік паведаміў, што кантралюючыя органы ня будуць прымяняць якія-небудзь санкцыі ў дачыненьні да ІП да прыняцьця новага ўказу. «Усе могуць працаваць у спакойнай абстаноўцы», – запэўніў намесьнік міністра.
Аднак шмат хто з прадпрымальнікаў паставіліся да гэтай заявы зь недаверам. У адказ на яе Рэспубліканскае грамадзкае аб'яднаньне «Пэрспэктыва» (арганізацыя, якая аб'ядноўвае прадстаўнікоў малога бізнэсу) прыняло ўласны зварот да намесьніка міністра Дзьмітрыю Крутога, у якім просіць на заканадаўчым узроўні накласьці маратор на любыя праверкі ІП, да выпрацоўкі рашэньня, якое задаволіла б усе бакі. Паводле ацэнак гэтай арганізацыі 1 сакавіка на рынках і ў гандлёвых цэнтрах Беларусі ня выйшлі на працу блізу 80% індывідуальных прадпрымальнікаў.
На шмат якіх рынках прайшлі сходы прадпрымальнікаў. Так, на Полацкім рынку ў Віцебску гандляры, якія вырашылі не плаціць падаткаў і не выходзіць на працу, пакуль ня ўбачаць новых дакумэнтаў, што рэглямэнтуюць прадпрымальніцкую дзейнасьць, сабраліся на сход, ініцыяваны Анатолем Шапавалавым, актывістам грамадзкага аб’яднаньня «Пэрспэктыва».
«Няма надзеі на тое, што новы дакумэнт нешта істотна зьменіць у нашым жыцьці. Бо яго рыхтуюць тыя самыя структуры, якія раней стваралі нам толькі праблемы ў працы. «Пэрспэктыва» сфармулявала шэраг прапаноў, мы даслалі іх на разгляд. Праўда, маю асабістую прапанову не ўключылі, а я прапаноўваў запісаць, каб неадкладна паднялі заробкі нашым пакупнікам, інакш гандлёвыя цэнтры і рынкі застануцца пустыя, і ўжо не праз тое, што мы не працуем. У людзей папросту няма грошай!» – заявіў Анатоль Шапавалаў.
Індывідуальныя прадпрымальнікі, якія гандлююць на рэчавых рынках Віцебску, напісалі зварот да Аляксандра Лукашэнкі. Тэкст звароту некаторыя зь іх вывесілі і на сваіх зачыненых ралетах – каб пакупнікі разумелі, чаму яны не працуюць.
Паводле svaboda.org і vitebsk.cc
Фота: vkurier.by