Крымінальная справа паводле карупцыйнага артыкулу ўзбуджаная ў дачыненьні да кіраўніка Віцебскага аддзяленьня Беларускай чыгункі, паведамілі ў пракуратуры Віцебскай вобласьці.
Па матэрыялах праверкі прадпрыемства КДК Віцебскай вобласьці, якая ладзіцца на падставе інфармацыі УКДБ, 23 лютага пракурорам вобласьці распачатая крымінальная справа паводле ч.3 арт.424 Крымінальнага кодэксу Беларусі (злоўжываньне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі) у дачыненьні да кіраўніка УП «Віцебскае аддзяленьне Беларускай чыгункі».
Зьяўляючыся службовай асобай, ў чэрвені 2013 году ён злоўжыў службовымі паўнамоцтвамі з карысьлівых меркаваньняў і ў мэтах атрыманьня грашовай пазыкі ў завышаным памеры аддаў распараджэньне сваім падначаленым падрыхтаваць неабходныя дакумэнты для атрыманьня ім асабіста грашовай пазыкі са сродкаў узначаленага ім прадпрыемства.
Гэтыя сродкі былі накіраваныя для аплаты пакупкі ў сваю ўласнасьць жылога памяшканьня ў Віцебску на сям'ю з 5 чалавек. Пры гэтым у склад чальцоў сям'і, якія маюць патрэбу ў паляпшэньні жыльлёвых умоў, мужчына неправамерна уключыў сваю дачку, якая была ў шлюбе і мела ў сумеснай уласнасьці з мужам 2-пакаёвую кватэру ў абласным цэнтры.
У выніку незаконных дзеяньняў кіраўніка дзяржаўнаму прадпрыемству нанесеная шкода ў асабліва буйным памеры - 239,5 мільёнаў рублёў. Матэрыялы справы перададзеныя на разгляд ва ўпраўленьне Сьледчага камітэту па Віцебскай вобласьці.
БелТА