Прычым падаткавікі канфіскавалі тавар не калі прадпрымальніца яго прадавала, а калі перавозіла. Здарылася гэта 21 лютага, калі Тацьцяна Полазава вярталася з Новалукомлю ў Докшыцы.
Паводле словаў дзяўчыны, непадалёку ад рынку ў Новалукомлю яе спыніў супрацоўнік ДАІ для праверкі дакумэнтаў: “Пасьля праверкі дакумэнтаў, невыразнай, незразумелай, усё толкам да канца не праверылі, падышоў малады чалавек, не прадставіўся, не растлумачыў, што ды як, сказаў паказаць дакумэнты на тавар. Я не паказала, яны сказалі праехаць за імі”.
Каля будынку падатковай інспэкцыі з машыны прадпрымальніцы вынесьлі ўсе рэчы. У віну Тацьцяне ставілася тое, што яна прадавала тавар без дакумэнтаў: “Я ня стала падпісваць ніякіх дакумэнтаў, пачалі пужаць міліцыяй, што мяне забяруць у пастарунак, арыштуюць. Пасьля ў мяне пачалася гістэрыка, потым у стане афэкту мне пачалі падпіхваць нейкія дакумэнты”.
Тацьцяну пратрымалі ў падатковай сем гадзін. Там ёй зрабілася дрэнна, і супрацоўнікі выклікалі “хуткую”. Канфіскаваную маёмасьць не вярнулі. Пастанову на арышт і канфіскацыю падпісала інспэктар Кацярына Ваўчок. Што цікава, тавар Тацьцяны Полазавай яна ацаніла ў нуль (!) рублёў.
Праваабаронца з Глыбокага Ганна Мартыноўская лічыць, што ў гэтым выпадку законна дзейнічаў толькі інспэктар ДАІ: “Інспэктар ДАІ спыніў, праверыў дакумэнты, а ўсё астатняе, што адбылося, — гэта несанкцыянаванае затрыманьне, невядома кім, нейкімі службовымі асобамі, ці можна лічыць іх службовымі асобамі, калі яны не паказалі санкцыю на канфіскацыю тавару?”
Наогул, паводле яе словаў, таварам можна лічыць прадметы толькі тады, калі яны рэалізуюцца на рынку, у краме або ў іншым адведзеным для гэтага месцы. Працягвае Ганна Мартыноўская: “У гэтым выпадку падатковая інспэкцыя ня мае права на дарозе, у працэсе руху, спыняць грамадзяніна, індывідуальны прадпрымальнік ён ці не, ня мае права праводзіць нейкія несанкцыянаваныя праверкі”.
Тацьцяна Полазава разам з бацькамі зьбіраецца адстойваць свае правы і вярнуць свой тавар. Яны падалі скаргу ў пракуратуру на незаконныя дзеяньні супрацоўнікаў падатковай інспэкцыі Чашніцкага раёну.
Эўрарадыё