У Віцебску працягваецца змаганьне за права фатаграфавацца на вуліцах гораду: праваабаронца Павал Левінаў напісаў скаргу ў пракуратуру наконт штрафаў за фотасэсію на фоне графіці "з птушкамі і клеткамі". Гарвыканкам даслаў яму пісьмовы адказ, што фотасэсія ня лічыцца масавым мерапрыемствам.
У скарзе на імя пракурора Віцебскай вобласьці Павал Левінаў піша, што Рэспубліка Беларусь на дзяржаўным узроўні мусіць гарантаваць кожнаму грамадзяніну захаванасьць ягоных правоў. Таму ён лічыць, што суд Чыгуначнага раёну, аштрафаваўшы яго на 25 базавых велічынь за ўдзел у фотасэсіі як за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, парушыў адразу некалькі ягоных правоў: права на мірныя сходы, на выказваньне сваіх меркаваньняў і на свабоду карыстацца сваімі правамі як асобы, дзеяньні якой не нясуць аніякае шкоды людзям або дзяржаўным інтарэсам.
Ён згадвае, што штраф, прысуджаны судзьдзёй Аленай Цыганковай, не атрымалася аспрэчыць ні ў абласным судзе, ні пасьля звароту да старшыні абласнога суду. Усе судовыя структуры і службоўцы сышліся на тым, што ў лістападзе 2014 году віцебскія журналісты і актывісты правялі несанкцыянаваную акцыю, калі сфатаграфаваліся на фоне графіці – выяваў трох клетак, зь якіх на волю вылятаюць птушкі. Шасьцёра ўдзельнікаў фотасэсіі былі аштрафаваныя, яшчэ адзін адбыў трое сутак арышту ў ізалятары часовага ўтрыманьня.
На думку праваабаронцы, сытуацыя атрымалася бязглуздая: "Паводле суду, кожны грамадзянін мусіць прасіць дазволу ва ўладаў, каб сфатаграфавацца ў тым ці іншым месцы. Гэта ненармальна! Але тую самую выснову падтрымала і Чыгуначная раённая адміністрацыя: я зьвярнуўся па дазвол на фотасэсію, падобную да той, што адбылася з маім удзелам у лістападзе. Атрымаў адмову за подпісам намесьніцы старшыні Ляпёшкінай. Абскардзіў яе ў гарвыканкаме, і атрымаў адтуль за подпісам намесьніка старшыні гарвыканкаму Ўладзімера Шломы адказ зусім іншага зьместу. Маўляў, фатаграфаваньне не ўваходзіць у пералік імпрэзаў, пералічаных у заканадаўстве аб масавых мерапрыемствах. Адпаведна, ні па якія дазволы зьвяртацца ня трэба. Тым ня менш сямёра ўдзельнікаў лістападаўскай фотасэсіі засталіся пакараныя! Я буду спрабаваць абскардзіць рашэньне пра штраф, якое тычыцца мяне, і ў выпадку посьпеху я дапамагу бараніцца кожнаму, хто трапіў у такое самае становішча".
Павал Левінаў зьвяртаўся ў абласную пракуратуру двойчы. Уласна са скаргай на парушэньне законнасьці і сваіх правоў, і з дадаткам да скаргі. У другім дакумэнце ён спасылаецца на выказваньні Аляксандра Лукашэнкі падчас прэсавай канферэнцыі 29 студзеня 2015 году – пра тое, што міліцыя дарма выказвала прэтэнзіі да грамадзян, якія мірным шляхам выказвалі сваё стаўленьне да забойства французкіх журналістаў, супрацоўнікаў часопіса "Charlie Hebdo". 4 лютага мусілі разглядаць адміністрацыйныя справы ў дачыненьні да лідэра АГП Анатоля Лябедзькі, намесьніка старшыні партыі “Зялёных” Дзьмітрыя Кучука і Паўла Канавальчыка. Яны прыйшлі да амбасады Францыі з плякатамі “Я — Шарлі”, каб далучыцца да сусьветнай хвалі салідарнасьці з расстралянымі супрацоўнікамі парыскага часопісу. Удзельнікаў акцыі затрымалі і склалі на іх пратаколы. Але працэсы былі адмененыя.
Павал Левінаў перакананы, што і пакараньні ўдзельнікам фотасэсіі ў Віцебску варта адмяніць, бо яны не рабілі нічога такога, што магло б нанесьці шкоду. Наадварот, лічыць праваабаронца, шкоду аўтарытэту Рэспублікі Беларусь нанёс маёр міліцыі Аляксандар Рыбакоў, які склаў на ўдзельнікаў фотасэсіі адміністрацыйныя пратаколы, і пра гэтыя парушэньні правоў асобы стала вядома далёка за межамі краіны. Замежныя журналісты нават правялі ў Брусэлі акцыю дзеля падтрымкі віцебскіх калег -- яны таксама сфатаграфаваліся з папяровымі кветкамі і птушкамі, зробленымі з газэты. А яшчэ трымалі ў руках шыльдачкі з надпісам "Хіба гэта злачынства?"
Праваабарончы цэнтар "Вясна"