Полацкі райвыканкам адмовіў у правядзеньні публічнага мерапрыемства жыхарам Полацку. Грамадзяне прасілі мясцовую ўладу дазволіць правядзеньне пікету 30 сьнежня для прыцягненьня ўвагі да стварэньня Таварыства абароны спажыўцоў, якога няма ў Полацку. 9 лютага суд Полацку не знайшоў у дзеяньнях райвыканкаму па забароне пікету парушэньняў закону.
Мясцовая ўлада ўжо доўгі час адмаўляецца рэгістраваць у Полацку Таварыства абароны спажыўцоў. Прычыны адмовы розныя, у асноўным зьвязаныя зь юрыдычным адрасам і арэндай памяшканьня.
Грамадзкая мэта пікету
Мэтай пікету 30 сьнежня зьяўляўся збор подпісаў грамадзян пад заявай аб аказаньні спрыяньня выканаўчай уладай рэалізацыі іх законнага права спажыўцоў у стварэньні Таварыства абароны спажыўцоў. Меркавалася, што колькасьць удзельнікаў масавага мерапрыемства будзе ўсяго тры чалавекі, месцам правядзеньня мусіла стаць пляцоўка ля цэнтральнага ўваходу кінатэатру "Радзіма". Прычым да заявы на пікетаваньне прыкладалася пісьмовае забавязаньне з гарантыяй арганізатараў па выкананьні парадку, а таксама копіі заяваў ў мясцовую міліцыю, у камунальную гаспадарку і ў шпіталь аб дапамозе ў правядзеньні пікету. Усе гэтыя гарадзкія службы адмовіліся на платнай аснове абслугоўваць пікет.
Не змагла дапамагчы з рэгістрацыяй Таварыства нават дэпутатка
Арганізатар пікету Юры Бельскі, які падаваў заяўку на пікет у райвыканкам: «Мясцовыя ўлады ўпарта ня хочуць рэгістраваць у Полацку Таварыства абароны спажыўцоў, аказваюць ціск на арганізатараў, перашкаджаюць арэндзе памяшканьня для Таварыства. Нават дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Натальля Гуйвік не змагла нам дапамагчы з рэгістрацыяй арганізацыі абароны пакупнікоў».
«А пікет мясцовыя ўлады забаранілі афіцыйна таму, што не заключаныя дамовы з ЖКГ, міліцыяй і шпіталем, якія, дарэчы, адмовіліся абслугоўваць пікет нават за грошы. Я, вядома, буду абскарджваць гэтае рашэньне суду ў вышэйстаячы суд, і калі спатрэбіцца, аж да міжнародных органаў ААН», – заявіў Юры Бельскі.
Нядобрасумленнасьць у дачыненьні да грамадзян
Ужо ёсьць прэцэдэнтныя рашэньні па Беларусі Камітэту ААН па правох чалавека (КПЧ), якія паказваюць невыкананьне ўрадам сваіх забавязаньняў перад грамадзянамі. Урад не выконвае правы грамадзян на стварэньне арганізацыяў, на выказваньне меркаваньняў і на правядзеньне мірных сходаў (у тым ліку, у выглядзе пікетаў). Адно з рашэньняў КПЧ па Беларусі наўпрост кажа, што патрабаваньне да грамадзян аплаціць працу гарадзкіх службаў (міліцыі, ЖКГ і мэдыцыны) пры правядзеньні мірнага сходу ў горадзе робіць ілюзорным права грамадзян на выказваньне свайго меркаваньня і на мірныя сходы.
Азнаямленьне чыноўнікаў з рашэньнямі па правах грамадзян
Беларускі «Дом правоў чалавека» выдаў зборнік з рашэньнямі КПЧ у дачыненьні да Беларусі. Адзін асобнік такога выданьня быў далучаны да матэрыялаў судовага разгляду па адмове райвыканкамам пікету ў Полацку. Яшчэ адзін асобнік зборніку рашэньняў КПЧ быў падораны юрысту, які прадстаўляе Полацкі райвыканкам, для вывучэньня і больш добрасумленнага выкананьня правоў жыхароў Полацку на правядзеньне мірных мерапрыемстваў.
Аляксандар Марозаў, Полацак