Праваабаронца Павал Левінаў атрымаў паведамленьне пра тое, што скарга распаўсюдніка газэты «Віцебскі кур'ер» Міхаіла Жураўлёва зарэгістраваная. Упраўленьне Вярхоўнага Камісара па правох чалавека ААН праінфармавала пра рэгістрацыю пад нумарам 2495/2014 пададзенага на разгляд КПЧ паведамленьня згодна з Факультатыўным пратаколам да Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правох.
Гэтае паведамленьне было падрыхтаванае праваабаронцам у інтарэсах Міхаіла Жураўлёва.
Як была справа: спачатку супрацоўнікамі міліцыі аддзелу ўнутраных спраў адміністрацыі Першамайскага раёну Віцебску ў дачыненьні да Міхаіла Жураўлёва быў складзены пратакол аб адміністрацыйным правапарушэньні за незаконны, на іх думку, распаўсюд газэты «Віцебскі Кур'ер».
Потым судзьдзя суду Першамайскага раёну Віцебску Натальля Кораблина, ня доўга разьбіраючыся, падвергла Міхаіла Жураўлёва адміністрацыйнаму штрафу, што ў 1,5 разы перавышае памер пэнсіі, якую ён атрымлівае. Удзячныя чытачы «Віцебскага Кур'еру» сабралі неабходную суму і дапамаглі Міхаілу выплаціць штраф.
Абскарджаньне вышэй не дапамагло: судзьдзя Віцебскага абласнога суду Ірына Смалякова, таксама як і старшыня гэтага суду Мікалай Хамічонак ня ўгледзелі падстаў да скасаваньня вынесенай пастановы. Абскарджаньне яшчэ вышэй таксама не прынесла выніку: і намесьнік старшыні Вярхоўнага Суду Рэспублікі Беларусь Валер Калінковіч застаўся глухі да довадаў Міхаіла Жураўлёва.
Спрабаваў быў Міхаіл Жураўлёў адстаяць сваё права ў Камісіі па правох чалавека Садружнасьці Незалежных Дзяржаў, але высьветлілася, што Камісія гэтая дагэтуль ня створаная і правоў грамадзян СНД абараніць ня можа.
«Прыцягненьне да адміністрацыйнай адказнасьці за выказваньне свайго меркаваньня праз распаўсюд інфармацыі з дапамогай друку парушыла права Міхаіла Жураўлёва, гарантаванае артыкулам 19 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правох. Накладаньне адміністрацыйнага спагнаньня за распаўсюд інфармацыі ёсьць ня што іншае, як ухіленьне Рэспублікі Беларусь у асобе вышэйпералічаных судзьдзяў і структур ад узятых забавязаньняў па недапушчальнасьці зьдзяйсьняць дзеяньні, накіраваныя на зьнішчэньне правоў і свабод, прадугледжаных пактам», - мяркуе праваабаронца Павал Левінаў.
Цяпер слова за кампэтэнтным міжнародным органам.
Віцебскі кур'ер