Заробкі супрацоўнікам на 1 лютага ня выплацілі 77 прадпрыемстваў Віцебскай вобласьці, паведамляе Нацыянальны статыстычны камітэт. Сярод даўжнікоў перад работнікамі - ААТ "Клясыка індустрыі моды", ААТ "Сьцяг індустрыялізацыі", камбінат ядвабных тканін, завод "Эвістар", прадпрыемства вылічальнай тэхнікі і інфарматыкі (Віцебск), Гарадоцкі льнозавод, прадпрыемства "Салодкая краіна" (Ворша), ААТ "Купцовъ" (Глыбокае), цэлы шэраг сельскагаспадарчых прадпрыемстваў у раёнах вобласьці.
У цэлым па краіне найбольшая колькасьць даўжнікоў па заробках - больш за 140 - у Менскай вобласьці, найменшая - усяго адно - у Берасьцейскай вобласьці.
Усяго, паводле дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэту, на 1 лютага заробкі затрымлівалі ў 277 арганізацыях Беларусі. Наймальнікі завінаваціліся 49,3 тысячы работнікам. Сума пратэрмінаванай запазычанасьці склала 171 мільярд, або 0,8% ад фонду заработнай платы па краіне за сьнежань 2014 году.
news.tut.by