Як вынікае з нататкі ў газэце «Віцьбічы», найбліжэйшым часам віцебскі мартыралёг будынкаў папоўніцца яшчэ адным «нябожчыкам»: будзе зьнесены будынак былога клюбу лётчыкаў на праспэкце Чарняхоўскага (пад дзіўным нумарам 13/99).
Гісторыю яго ўзьнікненьня яшчэ варта вывучыць. Старажылы сьцьвярджалі, што пабудаваны ён яшчэ да рэвалюцыі, што жыла тут чэлядзь апошняга ўладальніка маёнтку Лукішкі нейкага Паляжаева. Пасьля 1917 году будынак быццам бы пуставаў, а калі на пачатку 1930-х гадоў на тэрыторыі, дзе цяпер знаходзяцца мікрараёны «Поўдзень-5» і «Поўдзень-6», распачалося будаўніцтва новага ваеннага аэрадрому, на яго зьвярнулі ўвагу і перабудавалі пад клюб лётчыкаў.
Насамрэч гэта, найхутчэй, ня так. Гэты будынак - аб'ект пабудовы 1930-х гадоў. Ён зьявіўся пры будаўніцтве ў Віцебску новага ваеннага аэрадрому і гарадка лётчыкаў на паўднёвай ўскраіне гораду. Прычым, адразу як клюб лётчыкаў. Да яго ўзьвядзеньня (як і ўсяго ваеннага аб'екту) мае непасрэднае дачыненьне адзін са стваральнікаў Ваенна-паветраных сіл СССР, адзін зь першых двойчы Герояў Савецкага Саюзу Якаў Смушкевіч (1902-1941), які ў гэты час камандаваў віцебскай авіяцыйнай брыгадай (перад адпраўкай у Гішпанію).
Апроч таго з гэтым будынкам, найхутчэй, зьвязанае знаходжаньне ў Віцебску дзясяткаў вядомых лётчыкаў, будучых герояў Вялікай Айчыннай вайны. Вось імёны толькі некаторых зь іх: двойчы Героі Савецкага Саюзу Б. Сафонаў, С. Супрун, Т. Хрукін, Героі Савецкага Саюзу А. Пушкін, І. Серапко, С. Шчаглоў, Н. Худзякоў, Н. Папівін, А. Сенатараў, генэрал-палкоўнік Г. Счотчыкаў і Г. Чучаў, генэрал-лейтэнанты С. Сінякоў, Н. Пермінаў, А. Златацьветаў, Я. Бялецкі і В. Сьцепічаў, генэрал-лейтэнант мэдычнай службы М. Зяцілаў, генэрал-маёры А. Аднавол і А. Сухарскі і інш. Тут жа ў розны час выступалі перад лётчыкамі «зоркі» савецкай эстрады і кіно - Л. Арлова, М. Ладыніна і інш., якія прыяжджалі ў Віцебск.
Стан будынку клюбу лётчыкаў (вылучана чырвоным) падчас акупацыі Віцебску.
Падчас нямецка-фашысцкай акупацыі гэты будынак быў часткова разбураны, таму трэці яго паверх нават ня сталі аднаўляць, у 1960-я гады адрамантавалі двухпавярховым, прыстасавалі пад жытло. Як і да шмат якіх іншых жылых аб'ектау гораду, належнай увагі не надавалі. У выніку чаго ўжо пры канцы мінулага стагодзьдзя будынак прыйшоў у страшны стан. 20 гадоў таму назад (25 жніўня 1994 году), распавядаючы пра гісторыю гэтага будынку ў газэце «Народнае слова», аўтар гэтага матэрыялу выказаў пажаданьне аддаць яго ў прыватныя рукі для стварэньня тут, напрыклад, музэю гісторыі віцебскіх авіятараў.
За мінулыя дзесяцігодзьдзі нічога не зьмянілася: толькі адсялілі людзей, бо жыць у такіх умовах было немагчыма. А вось цяпер ужо афіцыйна «прысудзілі» аб'ект, які мае несумненную гістарычную каштоўнасьць, да зносу. Дарэчы, усьлед за многімі іншымі будынкамі, якія ня толькі можна было, але і трэба было проста адрамантаваць і выкарыстоўваць або пад жытло, або дзеля грамадзкіх патрэбаў.
Тут самы час прыгадаць, колькі іх толькі апошнімі гадамі было пушчана пад знос: інтэрнат трэсту № 9 (на вуліцы акадэміка Паўлава), Палац культуры трэсту № 9, жылы дом побач зь філярмоніяй, інтэрнат Віцебскага ўнівэрсытэту на праспэкце Фрунзэ, будынак малаказаводу (помніку прамысловай архітэктуры 1930-х гг.), казармы былой вайсковай часткі на праспэкце Фрунзэ (апошнімі гадамі выкарыстоўваліся як падменнае жытло). Неабходнасьць іх зносу выклікае вялікі сумнеў.
На жаль, былым клюбам лётчыкаў віцебскі мартыралёг будынкаў, найхутчэй, не завяршыцца. Яго неўзабаве папоўніць яшчэ адзін помнік архітэктуры і гісторыі: былы клюб металістаў (ён жа Дом культуры Віцебскага раёну). Будынак ужо шмат гадоў не эксплёатуецца. Нядаўна яго перадалі тэатру "Лялька" (цалкам разумнае рашэньне!), распрацавалі праект рэканструкцыі пад тэатар, але на выкананьне рамонтных работ грошай (як потым высьветлілася!) не знайшлося. Навошта ж тады заказвалі праект? Навошта перадавалі будынак? І што чакае яго, калі не атрымаецца прадаць або папросту некаму аддаць? Адказ, здаецца, можа даць любы жыхар гораду зусім без небясьпекі памыліцца.
Народныя навіны Віцебска