Інфармацыйна-адукацыйная сустрэча для супрацоўнікаў рэлігійных сайтаў, журналістаў і блогераў, што пішуць на рэлігійныя тэмы, прайшла ў Віцебску.
Важнасьць і магчымасьці агульнага сьведчаньня хрысьціян усіх канфэсіяў і дэнамінацыяў, рэакцыя вернікаў на сацыяльныя выклікі беларускай рэчаіснасьці, дзейнасьць Супольнасьці хрысьціянскіх журналістаў і блогераў, запатрабаванасьць грамадзтвам хрысьціянскага пункту погляду на падзеі — пра гэта ўдзельнікам сэмінару распавёў галоўны рэдактар парталу krynica.info Анатоль Шырвель.
Пра рост уплыву інтэрнет-сайтаў, адметнасьці інфармацыйнай працы цэркваў і канфэсіяў у інтэрнэце і пра тое, як пісаць для сайтаў і парталаў, распавёў журналіст і мэдыякансультант Паўлюк Быкоўскі. Ён жа пазнаёміў удзельнікаў з законамі дзейнасьці сацыяльных сетак, расказаў пра онлайн-інструмэнты блогера-журналіста.
Адметнасьць сэмінару ў Віцебску — у ім узяла ўдзел даволі вялікая колькасьць літаратараў, сярод якіх былі паэты і аўтары прозы. Адна з паэтак — Алена Ўласава прачытала некалькі сваіх твораў.
Арганізатарам сэмінару выступілі грамадзянская ініцыятыва «Супольнасьць хрысьціянскіх журналістаў і блогераў» і партал «Крыніца».
krynica.info