У Чашніках прыватызацыйны кошт кватэры перавышаў сапраўдны ў 2 разы. Як паведаміла пракурор аддзелу па наглядзе за выкананьнем заканадаўства і законнасьцю прававых актаў пракуратуры Віцебскай вобласьці Марына Рыжова, завышэньне кошту выяўленае падчас праверкі.
Выяўлена, што згодна з рашэньнем Чашніцкага райвыканкаму сям'і ў складзе трох чалавек была дазволеная прыватызацыя чатырохпакаёвай кватэры ў Чашніках. У адпаведнасьці са зробленымі разьлікамі і актам ацэнкі, кошт згаданай кватэры склаў Br331,6 млн.
Вывучэньне матэрыялаў па прыватызацыі паказала, што пры разьліках кошту гэтага жылога памяшканьня ацэначнай камісіяй быў няправільна прыменены індэкс зьмяненьня кошту будаўніча-мантажных работ, а таксама не былі ўлічаныя асобныя характарыстыкі прыватызаванай кватэры (вышыня столяў і інш.). У сувязі з гэтым пракуратура апратэставала рашэньне аб прыватызацыі. Паўторная ацэнка згаданага жылога памяшканьня паказала, што сапраўдны кошт кватэры складае каля Br165 млн.
Па выніках вывучэньня рашэньняў аб прыватызацыі Сеньненскага выканкаму ў студзені 2015 году пракуратура вобласьці вынесла 7 пратэстаў. Адначасова ў райвыканкам накіраванае прадстаўленьне пра ўстараненьне парушэньняў заканадаўства аб прыватызацыі жылых памяшканьняў, прычынаў і ўмоў, што ім спрыялі, у якім пастаўленае пытаньне пра дысцыплінарную адказнасьць вінаватых асобаў.
Марына Рыжова падкрэсьліла, што няправільная ацэнка аб'ектаў нерухомасьці, якія падлягаюць прыватызацыі, - самае распаўсюджанае з выяўленых парушэньняў.
Усяго за мінулы год і мінулы пэрыяд 2015 гаду па выніках праверак выкананьня заканадаўства аб прыватызацыі жылых памяшканьняў органамі пракуратуры вобласьці ў тэрытарыяльныя гаррайвыканкамы ўнесеныя 16 прадстаўленьняў і прынесены 21 пратэст на рашэньні аб прыватызацыі.
Пракуратурай вобласьці ў Віцебскі аблвыканкам унесенае прадстаўленьне, па выніках разгляду якога за дапушчаныя парушэньні заканадаўства да дысцыплінарнай адказнасьці прыцягнутыя 38 службовых асобаў.
БелТА