З 1 студзеня 2015 году работнiкам, якiя працуюць у шкодных і небясьпечных умовах на ААТ «Нафтан», малако будзе выдавацца толькі ў дзень працы. Таксама нельга будзе выносіць малако за межы прадпрыемства.
Гэтае рашэньне было прынятае на Наваполацкім прадпрыемстве загадам гендырэктара Ўладзімера Трацьцякова ад 1 сьнежня бягучага году. У ім гаворыцца, што загад заснаваны на пастанове Савету міністраў РБ ад 27.02.2002 № 260. У адпаведнасьці з патрабаваньнямі заканадаўства, «не дапускаюцца: замена малака таварамі і прадуктамі (апроч раўнацэнных малаку харчовых прадуктаў); выдача малака за адну ці некалькі зьмен наперад, а таксама за мінулыя зьмены і адпачынак на дом».
Некаторыя працаўнікі прадпрыемства разглядаюць гэты загад, як спробу зэканоміць на работніках: "Раней работнікі насілі малако дадому і пілі яго дома, а цяпер прыдумалі даваць яго ў дзень па паўлітра, калі ты выходзіш на працу, - абураецца работнік прадпрыемства Вадзім Міхайлаў. - Вось я выйшаў 10-га чысла і толькі сёньня атрымаў першы талён, г.зн. у мяне будзе пратэрміноўка дзесяць дзён. І мне дзеля паўлітра малака трэба будзе ісьці прыкладна некалькі кілямэтраў са свайго цэху, каб яго атрымаць. Натуральна, многія адмовяцца хадзіць, а адміністрацыя зэканоміць на гэтым безьліч грошай. Тыя, хто ў сталоўку ходзіць, у сталоўцы яго і пап'е, а для іншых патрэбны пакоі прыёму ежы, шмат у каго няма кружак. Мне што, прыйдзецца кружку прыносіць з дому?"
У прафсаюзе лічаць, што абмяркоўваць загад гендырэктара можна будзе толькі тады, калі ён уступіць у сілу, і паўстануць самі праблемы: "З боку наймальніка парушэньня няма, тут усё ў адпаведнасьці з пастановай Савету міністраў. Як яно будзе насамрэч, як яны будуць забясьпечваць людзей - вось гэта пытаньне. Мы маем і пакоі прыёму ежы, і ў сталоўках можна браць малако, дык што тут важнае пытаньне самога забесьпячэньня талёнамі людзей, - лічыць старшыня Незалежнага прафсаюзу на ААТ "Нафтан" Іван Сьвятоха. - Ёсьць жа ў нас аддаленыя цэхі, як будзе арганізаваная туды дастаўка? Тое, што яны забараняюць выносіць, ну што ты тут зробіш? Пастанова ёсьць пастанова. Я ня думаю, што людзі будуць адмаўляцца ад малака, такое ўжо было раней, пасьля гэта адмянялі. Гэта ўжо ня першы раз. Людзі абураліся, хтосьці ня можа піць малако, ім яго будуць замяняць сокам, для гэтага трэба ўзяць у лекара даведку, якая пацьвярджае гэта. Загад ўступае ў дзеяньне з 1 студзеня 2015 году. Толькі тады можна будзе весьці размовы".
belnp.org