Праваабаронца Павал Левінаў зьвяртаўся ў адміністрацыю Чыгуначнага раёну Віцебску, куды ён паведаміў, што зьбіраецца сфатаграфавацца зь сябрамі. Пры гэтым падкрэсьліў, што ўдзельнікі фотасэсіі маюць адзіную мэту – толькі сфатаграфавацца. Аднак у адказ атрымаў ліст з забаронай: маўляў, ён ня выканаў патрабаваньняў рашэньня гарвыканкаму "Аб масавых мерапрыемствах у г. Віцебску".
Падставай для звароту ў адміністрацыю быў інцыдэнт зь віцебскімі журналістамі і актывістамі, якіх аштрафавалі нібыта за правядзеньне несанкцыянаванай акцыі, калі іх фотаздымкі на фоне гарадзкога краявіду зьявіліся ў інтэрнэце.
"Я паведаміў у раённую адміністрацыю, што таксама зьбіраюся фатаграфавацца каля будынку з графіці – малюнкам трох клетак, зь якіх на волю вылятаюць птушкі. Адмыслова падкрэсьліў у заяве, што адзіная наша мэта – гэта фатаграфаваньне на памяць, а не выказваньне палітычных ці іншых меркаваньняў. Падкрэсьліў таксама, што людзі прыйдуць без плякатаў, транспарантаў, а таксама бяз зброі ці іншых прадметаў, якія могуць уяўляць небясьпеку для тых, хто побач… Але мне забаранілі фатаграфавацца, спаслаўшыся на рашэньне гарвыканкаму, якое тычыцца арганізацыі і правядзеньня масавых акцыяў у горадзе. Хоць я ўсялякім чынам падкрэсьліваў, што гэта будзе ня акцыя, а проста фотаграфаваньне", - гаворыць Павал Левінаў.
Праваабаронца не выключае, што чыноўнікі нават не чыталі ўважліва ягоны допіс – адказ далі "пад капірку", аднолькавы з тымі, што даводзілася атрымліваць раней, насамрэч зьвяртаючыся па дазволы на правядзеньне масавых акцыяў. Ужо шаблённай прычынай забаронаў у Віцебску стала адсутнасьць дамоваў зь міліцыяй, цэнтральнай паліклінікай і службай ЖКГ, бо гэтыя стуктуры любым коштам імкнуцца ўхіліцца ад супрацоўніцтва з дэмакратычнымі актывістамі, ахвотнымі праводзіць вулічныя акцыі. Фармальная прычына адмовы ў такіх выпадках – гэта невыкананьне патрабаваньняў рашэньня Віцебскага гарвыканкаму №881, дзе прапісаная неабходнасьць мець дамовы.
"Чыноўнікі ў Чыгуначнай адміністрацыі непісьменныя, што да заканадаўства. Не чыталі закону аб масавых мерапрыемствах, і таму ня ведаюць, што ён рэгулюе толькі правядзеньне пікетаў, шэсьцяў, а ніяк не групавых фотасэсіяў. Паводле лёгікі чыноўнікаў, кожны турыст, які захоча сфатаграфавацца на фоне гарадзкога краявіду, ужо патэнцыйны правапарушальнік", - кажа праваабаронца.
Ён зьбіраецца абскарджваць забарону намесьніка кіраўніка адміністрацыі Аляксандра Ільмовіча праз суд. І паралельна рыхтуецца да ўласнага суду: Яго будуць судзіць за ўдзел у падобнай фотасэсіі, за што ўжо пакараныя 6 жыхароў Віцебску.
Ідэя фотасэсіі заключалася ў тым, каб працягнуць тэму, узьнятую невядомым мастаком-графітыстам: на сьцяне будынку намалявана, як зробленая з газэты птушка вылятае з клеткі... Удзельнікі фотасэсіі таксама трымалі ў рукох папяровыя клеткі і зробленых з газэты птушак-арыгамі. Паводле высновы начальніка аддзелу аховы прафіляктыкі і правапарадку міліцыі Чыгуначнага раёну Аляксандра Рыбакова, які складаў пратаколы пра адміністрацыйныя правапарушэньні, гэта быў пікет, а прысутныя "выказвалі свае грамадзкія і палітычныя перакананьні".
За ўдзел у фотасэсіі журналісты Алена Сьцяпанава, Зьміцер Казакевіч, Кастусь Мардзьвінцаў, а таксама грамадзкія актывісткі з аргкамітэту па стварэньні партыі БХД Алена Шабуня і Тацьцяна Севярынец атрымалі штрафы ад 18 да 25 базавых велічынь. Выпадковаму мінаку Пятру Бярлінаву, які далучыўся да фотасэсіі, быў прысуджаны арышт на трое сутак, які спадар Берлінаў ужо адбыў, бо быў затрыманы на вуліцы і зьмешчаны да суду ў ізалятар часовага ўтрыманьня.
spring96.org