У рэдакцыю charter97.org прыйшоў ліст ад Васіля Касача, які адбывае пакараньне ў папраўчай установе адкрытага тыпу №11 Віцебску. Ён піша, што папраўчая ўстанова ня можа знайсьці яму працу і адмаўляецца выплачваць грошы на ежу.
5 лістапада Васіль Касач быў звольнены з працы праз стан здароўя паводле пункту 4 артыкулу 52 Крымінальна-выканаўчага кодэксу РБ. Згодна зь першым пунктам артыкулу 51, працаўладкоўваць асуджаных абавязаная адміністрацыя папраўчай установы. Аднак насамрэч сытуацыя выглядае так: грошай на харчаваньне ўсё менш, а працы як не было, так і няма.
«Адміністрацыя ня можа знайсьці мне вакансію, бо ў мяне маюцца сур'ёзныя абмежаваньні што да стану здароўя. За мінулы месяц праз тое, што я не працаўладкаваны, я выдаткаваў усе ўласныя грошы, якія былі мне выплачаныя пасьля звальненьня. Згодна з пунктам 4 артыкулу 48 КВК РБ, у выпадку адсутнасьці ў асуджанага ўласных сродкаў, яго харчаваньне аплачваецца за кошт дзяржавы з наступнай кампэнсацыяй.
Адміністрацыя ўстановы адмаўляецца выконваць свой абавязак у забесьпячэньні мяне харчаваньнем за кошт дзяржавы. Працаўладкаваць мяне таксама ня можа, каб я сам мог зарабляць і сваё харчаваньне аплачваць. У выніку мяне ўтрымліваюць у нечалавечых умовах, бязь ежы! Зварот у органы пракуратуры, якія праводзяць нагляд за выкананьнем законаў у папраўчых установах, вынікаў не прынесьлі. Самастойна працаўладкавацца я ня маю права паводле закону. Атрымліваецца нейкае дзікунства!», - абураецца Васіль Касач.
Па камэнтар charter97.org зьвярнулася ў праваабарончы цэнтар «Вясна». Праваабаронца Павал Сапелка патлумачыў, што неабходна рабіць пацярпеламу ў гэтай сытуацыі, каб палепшыць свае ўмовы, аднак адзначыў, што пры гэтых абставінах неабходная ўзаемная ініцыятыва.
«Я б рэкамэндаваў зьвяртацца ў дэпартамэнт выкананьня пакараньняў упраўленьня гэтай зоны, дзе ён адбывае. Можа быць, у іншай установе адкрытага тыпу ёсьць нейкае прадпрыемства або нейкі наймальнік, які ўзяў бы яго на працу. А так прадугледжаная ўмова самастойнага фінансаваньня. Адзінае, асуджанаму выдаюцца нейкія грашовыя сродкі пасьля прыбыцьця, да таго часу, пакуль чалавек ня стаў яшчэ зарабляць. А так ён павінен гэта вызначаць сам.
Гэта не парушэньне, гэта тая сытуацыя, калі два бакі павінны праявіць ініцыятыву. Я разумею, што ў яго абмежаваньне па працоўнай функцыі і знайсьці працу ня так лёгка. У Менску, думаю, яму б знайшлі дзе сядзець за нейкія маленькія грошы, а ў Віцебску, наколькі я ведаю, з працай усё дрэнна. Таму яму трэба ставіць пытаньне аб пераводзе ў іншую спэцкамэндатуру з мэтай знайсьці працу. Калі ён ведае, дзе яго могуць прыняць на працу, ён можа папрасіць перавесьці яго кудысьці адрасна. Калі ўжо ў гэтай сытуацыі яго ня будуць пераводзіць, тады гэта будзе парушэньнем», - патлумачыў ён.