Віцебскі праваабаронца Валер Місьнікаў лічыць, што віцебскія журналісты знаходзяцца ў небясьпецы, іх перасьледуе міліцыя, і судзьдзі адкрыта парушаюць правы, прапісаныя ў законах. Публікуем адкрыты ліст Місьнікава да «дзяржаўных адказных службовых асоб». Падставай да напісаньня ліста сталі адміністрацыйныя справы супраць журналістаў за фота на фоне графіці.
Прычынай перасьледу сталі выкладзеныя на інтэрнэт-сайтах фатаграфіі трупы журналістаў і мінака з папяровымі клеткамі і птушкамі на фоне аналягічнага графіці на сьцяне раённага Дому культуры, даўно зачыненага.
Менавіта фатаграфіі пэрформансу спарадзілі ў галовах міліцыянтаў міліцэйскія фантазіі з законапарушальным ухілам. І не выпадкова, бо сутнасьць іх працы палягае ў бачаньні ва ўсім і ва ўсіх простых людзях законапарушальнікаў. Прэзумпцыі гожасьці ў міліцыянтаў не існуе для неслужбовых асоб.
На ўказаньне абласнога кіраўніцтва раённы маёр міліцыі А. Рыбакоў склаў на ўдзельнікаў фотасэсіі адміністрацыйныя пратаколы, у якіх абвінаваціў сфатаграфаваных ў вольным выразе сваіх грамадзка-палітычных меркаваньняў і ў парушэньні працэдуры вызначанага парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў, ток бок пікетаваньня. За гэта артыкулам 23.34. КаАП Рэспублікі Беларусь прадугледжаная адказнасьць у выглядзе папярэджаньня, або накладаньня штрафу ў памеры да 30 базавых велічынь, або адміністрацыйны арышт.
Аднак і ахоўнікі працэдурнага парадку для свабоднага выказваньня думкі (А. Рыбакоў), і адпраўнікі правасудзьдзя (Д. Губанаў, А. Цыганкова) адмовіліся чуць і бачыць тое, што ні ў Законе аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь, ні ў дыспазыцыі артыкулу Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях не прапісаныя паняцьці і іх азначэньні як малая група (колькасьць якой 2 – 7 чалавек), як фотасэсія, як пэрформанс.
Больш таго, аб'яднаўшыся, міліцыянт і судзьдзі стварылі групу асоб, якая адкрыта і прынародна праігнаравала патрабаваньне артыкулаў 33, 8, 23 Канстытуцыі (Асноўнага Закону) Рэспублікі Беларусь і арт. 19 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правох, наўмысна адкрыта парушылі патрабаваньне артыкулу 2 Закону «Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь», артыкулу 23.34 Кодэксу Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэньнях – гэта нормы матэрыяльнага права.
А далей пайшоў шэраг парушэньняў нормаў працэсуальнага права, так судзьдзя А. Цыганкова пазбавіла групу асоб на прысутнасьць у адкрытым судовым разглядзе адміністрацыйнага матэрыялу ў дачыненьні да К. Мардзьвінцава, чым парушыла правы людзей, прапісаныя ў артыкулах 2.3 (забесьпячэньне абароны правоў і свабод), 2.7 (прэзумпцыя невінаватасьці – абставіны не могуць грунтавацца на здагадках), 2.9 (публічнасьць адміністрацыйнага працэсу), 2.11 (мова, на якой вядзецца адміністрацыйны працэс, а ня мовы), 2.14 (адкрыты разгляд справы аб адміністрацыйным правапарушэньні), 5.4 (парадак вырашэньня адводу судзьдзі – у габінэце застаўся сакратар судовага паседжаньня, судзьдзя выходзіла з габінэту ў іншы габінэт, не абвяшчалася ўся пастанова) ПВКаАП Рэспублікі Беларусь – гэта нормы працэсуальнага права.
За ўчыненыя толькі судзьдзёй А. Цыганковай дзеі прадугледжаная крымінальная адказнасьць артыкуламі 190 (Парушэньне раўнапраўя грамадзян), 392 (Вынясеньне заведама неправасуднага судовага акту), 395 (Фальсыфікацыя доказаў), 424 (Злоўжываньне ўладай).
У пацьверджаньне праўдзівасьці выкладзенага цытую частку тэксту з сайту Радыё Свабода: «Абвінавачаньні грунтуюцца выключна на здагадках складальніка пратаколу маёра Рыбакова, які не хаваў сваіх аргумэнтаў кшталту «мне здаецца»,«я прачытаў», «я так лічу, бо мне здаецца».
Я, законапаслухмяны грамадзянін і добрапрыстойны праваабаронца Законаў Рэспублікі Беларусь і правоў чалавека, прапісаных ў законе, даводжу да грамадзкасьці і дзяржаўных адказных службовых асобаў вядомыя мне факты законапарушэньняў службовымі асобамі суду і міліцыі Чыгуначнага раёну г. Віцебску для прыняцьця мер па спыненьні дзеяньняў і прыцягненьні вінаватых да адказнасьці .
Валер Місьнікаў