Акцыю «Пакармі коціка!» прыдумала і распачала віцебскі фатограф Вольга Слуцкая. Мэта акцыі - падтрымаць прытулак для бяздомных жывёл і дапамагчы «братам меншым», якія апынуліся на дварэ па віне чалавека. Да кампаніі далучылася і крама хэндмэйду «Магазын-28», якая паабяцала ўдзельнікам 28% зьніжку на наступную пакупку.
Ахвотным узяць удзел у акцыі прапануецца пакарміць бяздомнага ката ці сабаку і пералічыць 20 000 рублёў на рахунак прытулку для жывёл. Прадугледжаны і другі варыянт дапамогі: проста пералічыць 100 000 рублёў, якія ў прытулку выкарыстаюць на набыцьцё ежы і мэдыкамэнтаў. Факт удзелу ў акцыі рэкамэндуецца зьняць на відэа і фота, а пасьля апублікаваць у сацыяльнай сетцы ды запрасіць далучыцца да ініцыятывы трох сваіх сяброў.
Як вядома, віцебскі прытулак для бяздомных жывёл адчувае фінансавыя цяжкасьці. Ён практычна заўсёды перапоўнены, бо жывёл туды часьцей за ўсё проста падкідваюць былыя «гаспадары». Работнікі ўстановы гатовыя прыняць любую дапамогу ад землякоў: тут будуць рады кожнаму, хто прынясе прадукты, рызьзё, прадметы догляду за жывёламі.
orshatut.by