Акцыя прайшла ў межах тыдня супраць сьмяротнага пакараньня, мерапрыемствы якога ладзяцца па ўсёй Беларусі з 5 па 10 кастрычніка. Праваабаронцы расклеілі па горадзе налепкі з тэкстам «Мы супраць сьмяротнага пакараньня». У цэнтры гораду мінакам раздаваліся інфармацыйныя матэрыялы. Такія матэрыялы былі параскіданыя таксама па паштовых скрынях некалькіх дамоў Віцебску.
Сярод інфармацыі, якую распаўсюджвалі праваабаронцы, было рашэньне Камітэту па правох чалавека ААН наконт вынясеньня сьмяротнага прысуду жыхару Віцебску Ўладзіславу Кавалёву ў 2012 годзе. Зварот у КПЧ падавалі маці і сястра асуджанага. Камітэт неаднаразова прасіў улады Беларусі не прыводзіць прысуд у выкананьне, аж пакуль справа ня будзе разгледжаная камітэтам, але гэтыя просьбы былі праігнараваныя. Згодна з рашэньнем КПЧ, Беларусь парушыла ў дачыненьні да Ўладзіслава Кавалёва шэраг артыкулаў Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правох, у тым ліку артыкул 6 – права на жыцьцё.
Нагадаем, Беларусь зьяўляецца адзінай краінай у Эўропе, дзе дагэтуль прымяняецца сьмяротнае пакараньне. Паводле неафіцыйных крыніц, з 1997 году ў Рэспубліцы Беларусь было пакарана сьмерцю больш за 160 чалавек.