Намесьнік пракурора Гарадоцкага раёну Максім Зіновік паведаміў, што зладжаная праца праваахоўных органаў Гарадоцкага раёну дазволіла выявіць ужо ў 2014 годзе на тэрыторыі раёну 13 злачынстваў карупцыйнай і эканамічнай накіраванасьці. Сярод гэтых злачынстваў 4 крадзяжы, адказнасьць за два зь якіх прадугледжаная артыкулам 210 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь (крадзеж праз злоўжываньне службовымі паўнамоцтвамі), а за два іншых - артыкулам 211 КК (прысабечваньне або растрата маёмасьці асобай, якой яна давераная). Пры гэтым два з названых крадзяжоў зьдзейсьненыя работнікамі Гарадоцкага раённага вузла паштовай сувязі Віцебскага філіялу РУП «Белпошта».
Спачатку начальнік Даўгапольскага аддзяленьня паштовай сувязі Гарадоцкага РВПС, якая мела непасрэдны доступ да грашовых сродкаў арганізацыі, папалася на тым, што яна, злоўжыўшы сваімі службовымі паўнамоцтвамі, выкрала грашовыя сродкі Гарадоцкага аддзяленьня РВПС ў суме 6 522 500 рублёў.
Але сумны досьвед калегі ня стаў навукай для паштальёна з аграгарадка Пальмінка. Паштальёнка, зьяўляючыся матэрыяльна-адказнай асобай, прысабечыла 751 200 рублёў, выдадзеных ёй для выплаты пэнсіяў жыхарам вёскі Хартова.
Цяпер жанчын чакае штраф або пазбаўленьне волі да чатырох гадоў з пазбаўленьнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасьцю.
haradok.info