27 верасьня ў Гарадку адбылося мерапрыемства, якое ніяк не анансавалася ў праграме сьвяткаваньня “Дажынак – 2014” Віцебскай вобласьці. У Вераб'ёвых гарох адкрылася лыжаролерная траса, якую паводле афіцыйнай інфармацыі пабудавалі за… тыдзень.
Будаўнічыя работы ў Вераб'ёвых гарох вяліся без завяршэньня тэндэру па выбары генпадрадчыка. Толькі 18 верасьня Дзяржбуднагляд за № 4-422К-106/14 даў дазвол на вядзеньне будаўнічых работ, якія былі ўжо на фінішы свайго першага этапу.
А ўжо 27 верасьня старшыня Віцебскага аблвыканкаму Аляксандар Косінец адкрыў лыжаролерную трасу і на ёй адбыліся першыя спаборніцтвы.
Цяпер зразумела чаму была такая сьпешка – за паўтара месяца трэба было пабудаваць трасу да адкрыцьця “Дажынак”. У выніку напружанай працы будаўнікоў Вераб'ёвы горы зьмянілі сваё аблічча. На схілах Вераб'ёвых гор пабудаванае заасфальтаванае трохкілямэтровае кола, на якім ужо трэнуюцца маладыя спартоўцы зь Віцебску. Але працы па падаўжэньні лыжаролернай трасы мусяць і далей працягвацца.
Зьмяніўся бераг возера Лугавое – на ім стварылі пясчаны дагледжаны пляж зь пірсамі і катамаранамі. Пабудавалі новы мост, які злучае горы з бас-востравам. На беразе возера пабудаваная сучасная стартавая зона для спаборніцтваў і усталяваныя мішэні для трэнаваньняў біятляністаў.
Таксама вычышчаны лес ад хмызняка каля лыжаролернай трасы, дык што яго не пазнаць. Дарэчы, ад пустазельля вычышчаны і мэмарыял спаленым вёскам Гарадоцкага раёну.
Нягледзячы на выходны дзень брама на лыжаролерную трасу знаходзілася пад аховай міліцыі, але зацікаўленыя гараджане заходзілі на яе па-за межамі мэталічнай агароджы. Асабліва траса маніць жыхароў вечарамі, калі адбываецца яе асьвятленьне.
Аляксандар Косінец ня раз казаў, што гэта будзе самая сучасная траса, і ў Вераб'ёвых гарох будуць другія “Раубічы”. Але на сёньня не зразумела, дзе будуць разьмяшчацца трыбуны для гледачоў. Бо без заўзятараў спорту нідзе ў Эўропе не адбываюцца спартыўныя спаборніцтвы. У нас жа спаборнітцвы лыжнікаў даўно ўжо сталі стартамі толькі для лыжнікаў, а не для аматараў спорту. Спартыўныя чыноўнікі толькі на паперы рапартуюць пра тысячы гарадчан, якія займаюцца спортам. А на чэмпіянатах краіны гледачоў у Вераб'ёвых гарох – ня больш за два дзясяткі.
Гэтую праблему – стварэньня культу лыжнага і біятлённага спорту на Віцебшчыне – неабходна вырашаць дзеля сапраўды сучаснага разьвіцьця зімовых відаў спорту. Трасу пабудаваць можна хутка, а зрабіць лыжны спорт массавым – значна складаней.
haradok.info