Супрацоўнікі Віцебскай бройлернай птушкафабрыкі сабралі паўтары тысячы подпісаў у абарону гендырэктара Ганны Шарэйка, якую абвінавачваюць у «злоўжываньні службовымі паўнамоцтвамі»
- Заўтра я еду на закрытую сэсію ў Менск, мяне пазбавяць дэпутацкай недатыкальнасьці і кіроўца вернецца адзін. Вы толькі не расслабляйцеся, працуйце. Усё будзе добра, сьледзтва разьбярэцца, і мяне адпусьцяць, - гэтак 13 жніўня Ганна Шарэйка, гендырэктар Віцебскай бройлернай птушкафабрыкі, сэнатар Савету Рэспублікі разьвіталася на планёрцы з падначаленымі. 14 жніўня пасьля сэсіі яе затрымалі і адвезьлі ў менскі ізалятар.
У Беларусі гісторыяў, калі сэнатар аказваўся пад сьледзтвам, - адзінкі. А тут яшчэ за арыштаванага кіраўніка заступіўся калектыў. У абарону Ганны Васільеўны падначаленыя сабралі паўтары тысячы подпісаў! Падрабязнасьці гучнай справы сьледчыя не раскрываюць, кажучы толькі, што Ганна Шарэйка абвінавачваецца ў «злоўжываньні службовымі паўнамоцтвамі».
«У дзень затрыманьня фабрыку ачапіў АМАП са зброяй»
На календарах ў супрацоўнікаў, якія вырашылі пагутарыць з журналістам, крыжыкам закрэсьленыя дзьве даты: 10 ліпеня і 14 жніўня.
- Затрыманьні пачаліся а 7-й раніцы 10 ліпеня. Да першага намесьніка гендырэктара, фінансавага дырэктара, юрыста, галоўнага спэцыяліста па кармах і да самой Ганны Васільеўны прыехалі дадому, абшукалі, затрымалі. Калі мы прыйшлі на працу, каля фабрыкі стаялі машыны, на ўваходзе і каля габінэтаў - АМАП са зброяй. Увесь дзень ішоў ператрус, канфіскоўвалася дакумэнтацыя. Пазьней пад'ехала Ганна Васільеўна, ну, а наконт 14 жніўня вы і самі ведаеце, - расказваюць яны.
На прадпрыемства Ганна Шарэйка прыйшла трыццаць гадоў таму.
- Яна зрабіла сама сябе. Пачынала звычайнай рабочай ў цэху інкубацыі. Яе ініцыятыву, працаздольнасьць неўзабаве заўважылі, і Ганна Васільеўна стала прасоўвацца па кар'ернай лесьвіцы. Калі прызначалі кіраўніком, уся фабрыка была ў разрусе, можна сказаць, стаяла на каленях. Мы разам начавалі тут, ўздымалі прадпрыемства, паступова яна вывела яго ў лідэры. Цяпер прадукцыю «Ганна» любяць і ведаюць шмат хто. А некалькі гадоў таму нам далі пяць разваленых калгасаў, дык мы зь іх цукерку зрабілі! - кажуць тыя, хто адпрацаваў з сэнатарам ўсе гэтыя гады. - Як кіраўнік Ганна Васільеўна патрабавальная, ніколі не лічылася з асабістым часам, усе сілы ўклала ў фабрыку. Ні для каго не сакрэт, што асабістага жыцьця не было. З мужам разьвялася даўно, дзяцей няма.
Пра кіраўніка тут гатовыя апавядаць гадзінамі: «У яе ў падпарадкаваньні было тры тысячы чалавек. Можа, усім і не магла дагадзіць, бо спуску не давала нікому, але большасьць супрацоўнікаў на ейным баку».
«Тушкі цяпер маленькія, птушка не пасьпявае набраць вагу з-за новага корму»
У габінэце дырэктара цяпер пуста. Выконваючы абавязкі віцебскай птушкафабрыкі Віктар Мірош, які да гэтага ўзначальваў ААТ «Птушкафабрыка "Гарадок"» і быў старшынём Гарадоцкага райсавету, працуе ў габінэце намесьніка.
- Мы ўсё чакаем, што Ганна Васільеўна вернецца, - кажа Віктар Вікенцьевіч.
Тыя спэцыялісты, якія не патрапілі пад сьледзтва, мяркуюць: гендырэктар і яе каманда апынуліся за кратамі з-за тэндэру на пастаўку кармоў. У 2012 годзе канкуравалі паміж сабой ТАА «Руском-Р» (афіцыйны дылер Рыскага камбікормавага камбінату ў РБ) і ААТ «Экамол». Выйграў «Руском-Р», у яго цана за кіляграм прэміксу (корму для птушкі) была 14 439 рублёў, а ў «Экамола» - 13 484. Сьледзтва палічыла, што кіраўніцтва фабрыкі адхіліла больш выгадную прапанову і гэта прывяло да шкоды ў 4 мільярды рублёў.
- Трэба глядзець не на цану прадукту, а на яго склад і канчатковы вынік. Калі тавар танны, гэта ня кажа пра тое, што ён лепш. У нашым прэміксе - 41% волкага пратэіну, у прэміксе канкурэнтаў - 23%. Ад пратэіну залежыць сярэднесутачны прырост птушкі. Калі пратэіну замала, то неабходна дакупляць дабаўкі, а гэта дадатковыя выдаткі, - кажа галоўны бухгальтар ТАА «Руском-Р» Ларыса Камандышка. - Палічыма: цана за 1% волкага пратэіну ў нас была 352,1 рубля, у «Экамола - 582,4. У чэрвені 2014 году мы выйгралі чарговы тэндэр на пастаўку кармоў, але зараз кармы пастаўляе «Экамол».
Звычайныя супрацоўнікі цэхаў на прахадной кажуць:
- Раней у 12-кіляграмовую скрынку мы клалі 5 - 6 курэй, а цяпер па 8 - 9. Тушкі ідуць маленькія, за 40 дзён ад нараджэньня да забою яны не пасьпяваюць набраць належную вагу, - распавядаюць жанчыны.
Пасьля «Славянскага базару» затрымалі кіраўніцтва рыска-расейскай фірмы
- Паказчыкі ўпалі, і гэта не сакрэт. Тут можа быць шмат розных чыньнікаў: надвор'е, інфэкцыя, а таксама пераход на іншы корм. Вось лічбы. У чэрвені, калі птушку кармілі прэміксам «Руском-Р», сярэднесутачны прырост быў 61,5 г, захаванасьць пагалоўя - 97,2%. У жніўні пасьля пераходу на «Экамол» прырост зьнізіўся да 56,9 г, а захаванасьць пагалоўя абрынулася да 93,9%. Мяркуючы па прагнозах, у верасьні мы выйдзем на такія самыя лічбы, - кажа спэцыяліст прадпрыемства. - Афіцыйна прыбытак птушкафабрыкі ў ліпені - 35 мільярдаў рублёў, але магло быць больш. Каб птушка набірала вагу, нізказьмяшчальнага прэміксу мала, прыходзіцца дакупляць за мяжой сою.
Аказваецца, раніцай 10 ліпеня затрымалі ня толькі супрацоўнікаў птушкафабрыкі, але і генэральнага дырэктара «Руском-Р" Міхаіла Разжывіна разам з заснавальнікам фірмы Вальдэмарасам Норкусам. Усе яны знаходзіліся ў катэджы Ганны Шарэйка. Ганна Васільеўна і Вальдэмарас не хавалі сваіх адносін. Мужчына суправаджаў сэнатара на навагоднім карпаратыве, езьдзіў разам з супрацоўнікамі фабрыкі на экскурсію ў Санкт-Пецярбург.
Вальдэмарас заснавальнік фірмы, якая пастаўляла прэміксы на віцебскую птушкафабрыку. ФОТА: сацыяльныя сеткі
- Вальдэмарас жыве ў Летуве, 20 гадоў узначальвае фірму «Даймас», якая займаецца пастаўкай кармоў і якой належыць 100% акцыяў «Руском-Р». Так, ён сустракаўся з Ганнай Васільеўнай. Ну і што? Ён вольны мужчына, яна вольная жанчына. Шарэйка жыла працай, гэта ведаюць усе, яна б не рызыкавала кар'ерай дзеля каханьня. Да таго ж, кармы на віцебскую птушкафабрыку мы пастаўлялі больш за 10 гадоў, і да гэтага ніякіх пытаньняў не было. Зараз сьледзтва разьбіраецца з пастаўкамі ў 2012 - 2013 годзе. Але ж была не адна праверка да таго, ніхто не сказаў, што тэндэр мы выйгралі несумленна, - кажа галоўны бухгальтар ТАА «Руском-Р» Ларыса Камандышка. - У ліпені фірма адзначала 20-годзьдзе, усім супрацоўнікам купілі квіткі на «Славянскі базар». У Віцебск прыехалі нашы калегі з Расеі, Латвіі. Пасьля канцэрту яны прыйшлі да Шарэйка ў госьці, а раніцай у дзьверы пагрукалі сьледчыя.
Ганна Шарэйка і Вальдэмарас не хавалі сваіх рамантычных адносін. На навагодні карпаратыў яны прыйшлі разам
«Яны спрабуюць абараніць гонар мундзіру, таму кажуць пра нізкія паказчыкі»
Што ж тычыцца канкурэнта «Руском-Р» - «Экамол» належыць прыватнай кампаніі «Сервалюкс», якая стала ўладальнікам Магілёўскай і Смалявіцкай бройлерных птушкафабрык, Красназнаменскага камбікормавага заводу, ёй жа належыць брэнды «Петруха», «Браты Грыль».
- У прэміксе не пратэін асноўны паказчык, а мікраэлемэнты, мінэралы і вітаміны. У якасьці напаўняльніка мы выкарыстоўваем вотруб'е, дзе пратэіну 15%. І ўтрыманьне пратэіну ў прэміксе ніяк не ўплывае на ўтрыманьне пратэіну ў гатовай прадукцыі.
Казаць пра тое, што на віцебскай птушкафабрыцы ўпалі з-за нас паказчыкі - поўная бязглузьдзіца. Прычынай маглі стаць парамэтры мікраклімату, вэтэрынарыя, людзкі фактар. Дзіўна, але ні ў каго праблем з нашым прэміксамі няма, і паказчыкі добрыя, толькі ў Віцебску раптам сталі благія. Мяркую, такім чынам яны спрабуюць абараніць гонар мундзіру. Мы гатовыя аддаць наш прэмікс у любую эўрапейскую лябараторыю. Яго шырока спажываюць у нашым голдынгу «Браты Грыль» і «Петруха», а таксама птушкафабрыка «Дружба», сьвінакомплексы ў Берасьцейскай вобласьці, пастаўкі ідуць і ў Расею, - пракамэнтаваў сытуацыю дырэктар ААТ «Экамол» Аляксандар Бабкоў.
У 2015 годзе фабрыка дабудуе уласны камбікормавы завод, і тады купляць прэміксы ні ў каго не давядзецца.
Фота: Віктар Гіліцкі
Дарэчы, на віцебскай птушкафабрыцы да пачатку 2015 году плянуюць дабудаваць уласны камбікормавы завод, і тады купляць прэміксы ні ў каго не давядзецца.
kp.by