Яшчэ памятныя прэзыдэнцкія выбары-2010, а многія партыйныя лідэры Беларусі ўжо адкрыта заяўляюць пра выбары кіраўніка дзяржавы ў 2015 годзе. Ня так даўно прайшлі парлямэнцкія выбары, распачынаецца падрыхтоўка па вылучэньні кандыдатаў у мясцовыя Саветы. І хаця дакладна вядома, што ў Беларусі, пачынаючы з 1996 году, ніякіх выбараў няма, але многія палітыкі ўсё адно табуном ірвуцца на Алімп улады, нягледзячы на гузакі ад тых самых грабляў.
Праўда, экс-кандыдату ў прэзыдэнты, старшыні Лібэральна-дэмакратычнай партыі Сяргею Гайдукевічу не прыйшлося падзяляць лёс з такімі ж «эксамі»: ён прадбачліва зьняў сваю кандыдатуру з гонкі. Аднак на прэзыдэнцкія выбары-2015 ужо пачаў «тачыць штыкі». Натуральна, з дапамогай сваёй 45-тысячнай партыі. А гэта вам не дзіцячыя цацкі: дрыжэце, уладаносцы!
Наша сёньняшняя гутарка са старшынём Віцебскай абласной арганізацыі ЛДП Сяргеем Уладзімеравічам Ярмыкіным.
Скажыце, калі ласка, якая колькасьць вашай партыі на Віцебшчыне?
Больш за дзевяць тысяч, а калі дакладней, 9142 сябры.
А колькі ж «байцоў» плянуеце выставіць на маючыя адбыцца выбары ў мясцовыя Саветы?
На сёньняшні дзень імкнемся ўсё запоўніць: 60 месцаў абласнога Савета, 40 месцаў - Віцебскага гарадзкога.
Хто ж вам разьмеркаваў гэтыя «фатэлі»?
Самі разьмяркоўваем: змагацца-то трэба.
Але барацьба павінна быць на роўных умовах для ўсіх, ня такая, як цяпер.
Нічога страшнага. У рэшце рэшт, яна дае свой плён.
Якія ж вынікі вашай барацьбы?
Наш дэпутат у Глыбоцкім раённым Савеце.
Нягуста!
Усё адно трэба змагацца.
Зь якімі партыямі гатовыя супрацоўнічаць?
З усімі, хто ня толькі ў інтэрнэце плёскаецца і з-за бугра грабе гранты, а ў сапраўднасьці хаця б штосьці робіць, каб захаваць суверэнітэт Беларусі і не дапусьціць раскраданьне краіны. Партыя не павінна быць карлікавай.
Зь якой мэтай Вы займаецеся палітыкай?
У першую чаргу, каб дапамагчы народу. А гэта значыць, падымаць эканоміку краіны. Трэба на ключавыя пасады ставіць маладых адукаваных спэцыялістаў.
Таму барацьба і яшчэ раз барацьба.
А ў турму не баіцеся трапіць, бо прыкладаў з гэтай нагоды звышдастаткова?!
Туды можа трапіць кожны чалавек. Але мы не заклікаем да зброі, а паказваем на справе, як трэба кіраваць краінай і мець зносіны з народам.
Да прыкладу, адбываецца рэспубліканскі суботнік, мы выйшлі і пасадзілі 150 дрэў. Удзельнічаем у спартовых мерапрыемствах. Абласная арганізацыя ўзнагароджаная шматлікімі дыплёмамі. Дарэчы, у дзяржструктурах працуе нямала прадстаўнікоў нашай партыі.
Ці прызнаяце Вы легітымнасьць цяперашняй улады і Канстытуцыю 1996 году?
На гэткія пытаньні не хацелася б адказваць, бо вы не ва ўладзе. А ўладу трэба ацэньваць цьвяроза і правільна. Для гэтага трэба нешта рабіць у гэтай дзяржаве, каб разумець, як яна працуе. Пакуль яна на сваім месцы.
Выбачайце, я задаў канкрэтнае пытаньне. Бо вы ж ведаеце, што ў 1996 годзе адбыўся антыканстытуцыйны пераварот.
Упершыню чую.
Тады гэткае пытаньне. Што ваш лідэр павінен будзе зрабіць у першую чаргу, прыйшоўшы да ўлады?
Па-першае, Сяргей Васільевіч Гайдукевіч вельмі моцны канкурэнт Аляксандру Рыгоравічу. Па-другое, гэтае пытаньне, напэўна, мэтазгодней задаць яму самому. Магу зараз патэлефанаваць у Менск, пагутарыце.
Тэлефануем Сергею Гайдукевічу:
Сяргей Васільевіч, калі Вы станеце прэзыдэнтам Беларусі, якія будуць Вашы першыя крокі на пасадзе?
Адразу ж трэба памяняць Канстытуцыю, вярнуць яе ў прававое поле. Прэзыдэнт не павінен абірацца больш як на два тэрміны.
Дзякую за палітычную сталасьць.
Дазвольце Вам падзякаваць, Сяргей Уладзімеравіч, за інтэрвію і пажадаць посьпехаў на карысьць нашай з вамі Беларусі.
Гутарыў Уладзімер Жыгулоў