 На даручэньне кіраўніцтва Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пастаянная камісія ПП па працы і сацыяльных пытаньнях разгледзела прапанову віцебскага праваабаронцы Леаніда Сьвеціка аб правядзеньні парлямэнцкіх слуханьняў наконт дэкрэту пра «дармаедаў». Вынікам гэтага разгляду стала адмова парлямэнту правесьці прапанаваныя слуханьні.
На даручэньне кіраўніцтва Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пастаянная камісія ПП па працы і сацыяльных пытаньнях разгледзела прапанову віцебскага праваабаронцы Леаніда Сьвеціка аб правядзеньні парлямэнцкіх слуханьняў наконт дэкрэту пра «дармаедаў». Вынікам гэтага разгляду стала адмова парлямэнту правесьці прапанаваныя слуханьні.
Падстава для такой рэакцыі парлямэнтароў: зварот праваабаронцы нібыта не зьяўляецца законным, бо паводле рэглямэнту Палаты прадстаўнікоў слуханьні праводзяцца выключна па рашэньні гэтага заканадаўчага органу. Да таго ж слуханьні могуць ініцыявацца выключна суб'ектамі права заканадаўчай ініцыятывы, саветам ПП, пастаяннымі камісіямі, дэпутацкімі групамі, а не на прапанову грамадзян. Таму калі згаданыя суб'екты не зьвярталіся з падобнымі прапановамі, то працэдура арганізацыі парлямэнцкіх слуханьняў, маўляў, ня можа быць запушчаная.
Дэпутацкі корпус мае яшчэ адзін аргумэнт, каб не прамаўляць свайго слова ў абарону тысяч сваіх выбаршчыкаў. Дэпутаты спадзяюцца, што Саўмінам на даручэньне прэзыдэнта краіны будзе распрацаваная новая рэдакцыя дэкрэту №3, якая палепшыць прававое становішча «дармаедаў».
На думку намесьніцы старшыні камісіі па працы і сацыяльных пытаньнях Людмілы Канановіч, вышэйназваных падставаў цалкам дастаткова, каб лічыць правядзеньне ў цяперашні час парлямэнцкіх слуханьняў па дэкрэце №3 немэтазгодным.
Вядома, такая пазыцыя парлямэнтароў не задаволіла праваабаронцу. Леанід Сьвецік мяркуе, што замест рэальнай працы дзеля разьвязаньня такой важнай сацыяльнай праблемы – праблемы беспрацоўя дэпутаты занялі пазыцыю староньніх назіральнікаў. Маўляў, хай праблему вырашае выканаўчая ўлада так, як ёй захочацца. А як выканаўчая ўлада вырашала гэтую праблему нядаўна – паказалі веснавыя пратэставыя акцыі.
 «Безадказныя паводзіны парлямэнтароў, адсутнасьць жаданьня і палітычнай волі стаць на абарону правоў і законных інтарэсаў «дармаедаў» робяць дэпутатаў, як і выканаўчую ўладу, адказнымі за ўсе нэгатыўныя наступствы, якія ў канчатковым выніку ўзьнікнуць пры  рэалізацыі палажэньняў, закладзеных у новай рэдакцыі дэкрэту № 3», – выказаў сваю думку праваабаронца Леанід Сьвецік.
Лявон Яфрэменка