У 2017 годзе спаўняецца 80 гадоў гэтак званаму «Вялікаму тэрору», які наўпрост зьвязаны з асобай Сталіна. Сталін даўно сканаў, але памяць ахвяраў сталінізму па-ранейшаму не ўшаноўваюцца. Віцебская грамадзянская ініцыятыва «Хайсы» шукае ў ваколіцах гораду месцы пахаваньняў рэпрэсаваных і вяртае грамадзтву забытыя сьведчаньні нашай трагічнай гісторыі. Наш карэспандэнт пагутарыў з кіраўніком ініцыятывы «Хайсы» Янам Дзяржаўцавым.
Паважаны спадар Ян, 5 сакавіка 1953 году сканаў Сталін, але сталінізм, нібыта выкрыты і асуджаны неўзабаве пасьля ягонай сьмерці, пасьпяхова дажыў да нашых дзён. Сёньня і ў Расеі, і ў Беларусі адбываецца пэўная рэанімацыя значнасьці асобы Сталіна,узмацняецца настальгія па тых часох. Што тычыцца Вас, скажыце, якія падзеі тае эпохі Вы найперш зьвязваеце з гэтым гістарычным пэрсанажам?
Сталін – крымінальны пэрсанаж. Імя гэтага «ўсесаюзнага пахана» зьвязанае найперш з масавым тэрорам супраць сотняў народаў. Савецкая разнавіднасьць таталітарызму – сталінізм гвалтам загнаў гэтыя народы ў найжахлівейшую ў гісторыі чалавецтва імпэрыю – СССР. Я лічу Сталіна самым вялікім злачынцам у сьвеце, які разам са сваім сябрам Гітлерам распачаў Другую сусьветную вайну ў 1939 годзе.
Нацызм і сталінізм – гэта два бакі аднаго мэдаля. Паставіўшы ідэалягічныя каштоўнасьці вышэй за каштоўнасьці агульначалавечыя, гэтыя два рэжымы разбурылі падмурак, на якім грунтуецца само жыцьцё. Наступствы вы ведаеце: толькі паводле афіцыйна прызнаных расейскай Думай лічбаў Савецкі Саюз згубіў у вайне больш за 42 мільёны чалавек, хаця некаторыя дасьледчыкі даводзяць колькасьць ахвяраў да 60 мільёнаў.
Але сталінізм мае і іншы аспэкт – гэта рэпрэсіі супраць уласных грамадзянаў у мірны час. І гэта ня толькі наўпроставыя забойствы. Прыкладам, у выніку голаду 1932 году, справакаванага калектывізацыяй, загінула 7 мільёнаў сялян. Усяго ж ахвярамі сталінскага рэжыму сталі ад 15 да 25 мільёнаў. Трэба ўсьведамляць, што мільёны ахвяраў патрэбныя былі сталінскаму рэжыму дзеля стварэньня новага савецкага чалавека, які б поўнасьцю падпарадкоўваўся дзяржаве і ня меў аніякіх памкненьняў да свабоды.
Сёлета адзначаецца трагічная дата – 80-я гадавіна «Вялікага тэрору». Як вядома, ініцыятыва «Хайсы» мае намер зьвярнуцца да кіраўніцтва гораду з прапановай правесьці мерапрыемствы, прымеркаваныя да гэтай даты. Ці спадзеяцеся вы на паразуменьне з уладамі?
Як мы бачым, цяпер улады адзначаюць у асноўным сьвяты бальшавіцкія. Хаця тое ж 9-е траўня для Сталіна і савецкага народу доўгі час было не сьвяточнай, а трагічнай датай, якая не адзначалася на дзяржаўным узроўні. Гэта былі сьлёзы.
Рэч у тым, што ў бальшавікоў за душой нічога няма, і калі ў іх адняць гэтую цацку – вайну, то яны голыя. Таму такая ненатуральная, балючая ўвага да перамогі ў вайне, якую яны сабе прысабечваюць, бо гэтая перамога надае ім хоць нейкую ўяўную значнасьць. Але ж сапраўднае стаўленьне савецкай улады да ахвяраў вайны дэманструе хаця б тое, што забітых падчас баёў найчасьцей не хавалі. Добра, калі трупы забітых папросту скідвалі ў варонку ад снараду ці бомбы. Таму столькі мільёнаў зьніклых бяз весткі.
Спадзяваньняў на тое, што сёньняшнія ўлады пачнуць ушаноўваць ахвяраў рэпрэсіяў, як і ахвяраў вайны, няма. Гэта можа адбыцца толькі пасьля таго, як яны скажуць, што сталінізм – гэта злачынства супраць чалавецтва; што так, гэта наша гісторыя, але мы асуджаем такую сыстэму дзяржаўнага кіраваньня і не зьяўляемся яе спадкаемцамі. Гэта адбудзецца толькі пасьля таго, калі з вуліц нашых гарадоў зьнікнуць прозьвішчы і мянушкі бальшавіцкіх бандытаў: дзяржынскіх, кнорыных, куйбышавых, калініных, мікаянаў, сьвярдловых, кіравых, а ім на зьмену прыйдуць тысячы беларускіх прозьвішчаў нашых знакамітых суайчыньнікаў.
Як у сёньняшніх няпростых умовах знайсьці паразуменьне ў грамадзтве паміж тымі, хто шануе ахвяраў тэрору, і тымі, хто гэтых ахвяраў не прызнае? Як данесьці праўду да насельніцтва краіны, як пераканаць грамадзтва ў тым, што без асуджэньня сталінізму ў краіны няма цывілізаванай будучыні?
Нават у гэтых неспрыяльных умовах ініцыятыва «Хайсы» зьбіраецца даводзіць грамадзтву праўду пра ахвяраў сталінскага тэрору, забітых і пахаваных у навакольлях Віцебску ў невядомых магілах. Да 80-й гадавіны «Вялікага тэрору» мяркуем правесьці фотавыставу. Ідзе збор матэрыялу для кнігі і фільму, у якіх жывыя сьведкі тых падзеяў распавядуць пра месцы рэпрэсіяў і рэпрэсаваных. Аднак калі паразуменьня шукае толькі адзін бок, а другі ігнаруе яго захады, паразумецца цяжка.
Мы, безумоўна, будзем зьвяртацца і да кіраўніцтва гораду, і да Віцебскай тэлерадыёкампаніі. Але трэба разумець, што пакуль сталінізм не прызнаюць злачынствам супраць чалавецтва – ніякага паразуменьня ня будзе. І тым ня менш будзем пераконваць і грамадзкасьць, і ўладу ў тым, што ў Хайсах мусіць быць мэмарыял, бо гэта пакуль адзінае месца ля Віцебску, дзе праводзіліся афіцыйныя раскопкі, якія ўскосна пацьвердзілі, што там ляжаць ахвяры рэпрэсіяў.
С. Горкі