За былым палітвязьнем Андрэем Гайдуковым, які 8 траўня выйшаў на волю з папраўчай калёніі "Віцьба-3" пасьля паўтара года зьняволеньня, устаноўлены прафіляктычны нагляд. "На падставе артыкулу, паводле якога я адбываў пакараньне, нагляд з боку МУС мне даць ня могуць. Але КДБ устанавіў свой прафіляктычны нагляд, афіцыйна азнаёміўшы мяне, што ў дачыненьні да мяне распачатыя прафілактычныя справы, — паведаміў актывіст. — Гэта ім дае легальна ажыцьцяўляць праслухоўваньне, назіраньне за мной, прыходзіць да мяне ў любы час дня і ночы. Ім гэта трэба, каб легалізавацца на выпадак далейшых сваіх дзеяньняў у дачыненьні да мяне".
Гайдукоў лічыць, што крымінальны перасьлед у дачыненьні да яго быў зьвязаны зь яго дзейнасьцю па стварэньні грамадзкага аб`яднаньня "Саюз маладых інтэлектуалаў". "Гэта выклікана тым, што я хацеў зарэгістраваць арганізацыю як міжнароднае грамадзкае аб`яднаньне, легалізаваць яе дзейнасьць, — сказаў ён. — Мы хацелі зарэгістравацца, пасьля майго арышту павінна была прайсьці рэгістрацыя, ужо ўсе былі гатовыя дакумэнты, усе людзі сабраныя. Ім трэба было гэта неяк спыніць і самых актыўных людзей яны, як вы ведаеце, спыняюць. Тут гэтым чалавекам абралі мяне. Магчыма, яны плянавалі выбіць зь мяне і атрымаць нейкія патрэбныя паказаньні і гэтак далей".
БелаПАН