Вярхоўны суд лічыць скаргу родных Уладзіслава Кавалёва адносна месца пахаваньня расстралянага непадведамаснай агульным судам. Такое рашэньне ўтрымліваецца ў адказе на скаргу Любові Кавалёвай і Тацьцяны Казяр за подпісам намесьніка старшыні Вярхоўнага суду Андрэя Забары. У рашэньні паведамляецца пра тое, што рашэньні суду Кастрычніцкага раёну Менску і Калегіі па грамадзянскіх справах Менскага гарадзкога суду аб непадведамаснасьці разгляду скаргі агульным судам застаюцца ў моцы.
Маці расстралянага Любоў Кавалёва і яго сястра Тацьцяна Казяр у сваёй скарзе ў Вярхоўны суд патрабавалі адмяніць рашэньне суду Кастрычніцкага раёну Менску і Калегіі па грамадзянскіх справах гарадзкога суду, якія адмовілі ва ўзбуджэньні грамадзянскай справы на дзеяньні КДБ, МУС і Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў на адмову даць інфармацыю пра месца пахаваньня Ўладзіслава.
- Вярхоўны суд лічыць, што ёсьць іншы парадак для абскарджваньня адмовы дачы інфармацыі пра месца пахаваньня Ўладзіслава Кавалёва. Але іншага парадку не прадугледжана Крымінальна-выканаўчым кодэксам РБ. Магчымасьці даведацца для Любові Кавалёвай пра месца пахаваньня яе расстралянага сына больш няма.Тым ня менш, паводле слоў юрыста-праваабаронцы Рамана Кісьляка, маці і сястра Ўладзіслава Кавалёва маюць намер у далейшым дамагацца раскрыцьця месца яго пахаваньня.
Сваякі пакаранага сьмерцю Ўладзіслава Кавалёва лічаць, што абвінавачаньне ў зьдзяйсьненьні тэракту ў менскім мэтро ў 2011 годзе і прысуд для сына і брата былі несправядлівыя і неабгрунтаваныя. Яны таксама лічаць антыгуманнай адмову ўладаў Беларусі выдаць цела Ўладзіслава.
Праваабарончы цэнтар "Вясна"