3 красавіка судзьдзя суду Гарадоцкага раёну Алена Віхаценка пачала разгляд скаргі Яна Дзяржаўцава на парушэньне яго законных правоў і інтарэсаў супрацоўнікамі Гарадоцкага райвыканкаму. На думку актывіста КХП-БНФ, адказныя работнікі Гарадоцкага райвыканкаму парушылі закон “Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб”.
Жыхаром Віцебску Янам Дзяржаўцавым пададзеная скарга на тое, што службовыя асобы Гарадоцкага райвыканкаму не разгледзілі ягоную заяву, пададзеную яшчэ 14 лістапада, аб падставах для высячэньня елак у межах паласы адводу аўтамабільнай дарогі Віцебск-Гарадок на ўчастку 27-46 км.
Заяўніку адказнымі асобамі Гарадоцкага райвыканкаму было спачатку абяцана, што яго заява будзе разгледжаная кіраўніцтвам прадпрыемства “Віцебскаўтадар”. Потым было паведамленьне, што адказ Дзяржаўцаў атрымае ад аддзелу жыльлёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкаму. Але мінула больш як два месяцы, толькі ніякага рашэньня ад Гарадоцкага райвыканкаму заяўнік не атрымаў, а Віцебскі аблвыканкам не абараніў яго законныя правы і інтарэсы.
У пададзенай скарзе Ян Дзяржаўцаў просіць суд прымусіць Гарадоцкі райвыканкам разгледзіць заяву ад 14 лістапада па сутнасьці і даць яму разгорнуты, кампэтэнтны адказ, а таксама вынесьці асобнае вызначэньне ў дачыненьні да кіраўніка райвыканкаму аб недапушчальнасьці парушэньня яго падначаленымі Закону “Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб”.
Працэс распачаўся з заявы Дзяржаўцава аб адводзе судзьдзі Віхаценка у сувязі з тым, што судовая сыстэма Беларусі наўпрост залежыць ад кіраўніка краіны, які таксама прызначае і кіраўнікоў выканаўчай улады. Гэты адвод ня быў задаволены. Пасьля Янам Дзяржаўцавым было заяўленае хадайніцтва аб перакладчыку. Заяўнік штодзённа карыстаецца беларускай мовай, а працэс ідзе па-расейску - і яму не зразумелы сэнс асобных расейскіх слоў. Судзьдзя вырашыла задаволіць хадайніцтва. Дзеля пошуку перакладчыка працэс прыпынены.
Паводле haradok.info