У Шумілінскім раёне ў акрузе, дзе перамогу на выбарах у Дабейкаўскі сельскі савет атрымаў сябра партыі БНФ і актывіст руху «За свабоду» Аляксандар Шчамлёў, перагледзелі вынікі галасаваньня. Цяпер дэпутатам сельсавету ад гэтай акругі названая намесьніца дырэктара Амбросавіцкай сярэдняй школы Ірына Мацялёнак.
28 сакавіка сябра руху «За свабоду» Аляксандар Шчамлёў убачыў новы пратакол выбарчай камісіі. Згодна з пададзенымі ў ім лічбамі, ён прайграў выбары — у яго на адзін голас меней, чым у ягонай суперніцы, завуча Амбросавіцкай сярэдняй школы. Паводле ж пратаколу, складзенага ўвечары 23 сакавіка, ён набраў на 14 галасоў болей і перамог.
Аляксандар Шчамлёў кажа, што хацеў сфатаграфаваць той першы пратакол, але камісія яму забараніла. Аднак лічбы ён запомніў. Гэта ня цяжка — акруга маленькая:
«Усё памятаю. Атрымалі бюлетэні 47 чалавек: 18 прагаласавалі датэрмінова, і 29 — у дзень выбараў. З 18 «датэрміновых» галасоў у мяне 10, а ў яе — 8. Ніхто дома не галасаваў. Паводле агульных падлікаў 23 сакавіка, 4 чалавекі прагаласавалі супраць усіх, 27 — за мяне, 13 — за маю суперніцу, несапраўдных бюлетэняў было 3», — распавёў ён.
Па ягоных словах, тое, што ўбачыў у новым пратаколе, яго ўразіла. «Атрымалі бюлетэні — аказваецца, ужо не 47, а 49 выбарцаў. Зь іх за мяне прагаласавалі, высьветлілася, толькі 12 чалавек, за завуча — 13 чалавек. Ужо 5 чалавек, напісана, прагаласавалі супраць усіх. А несапраўднымі прызнана ажно 19 бюлетэняў!» — адзначыў Шчамлёў.
Паводле Аляксандра Шчамлёва, падлікі ў дзень выбараў былі дакладныя — дый як там можна было памыліцца, калі выбарцаў паўсотні. Але потым, казалі ў вёсцы, чальцоў камісіі выклікалі да раённага начальства, і ў выніку — праз 5 дзён пасьля выбараў — камісія склала іншы пратакол.
«Асобная гаворка пра тое, які ўзровень даверу ў людзей да дэпутаткі, калі за яе зь пяці ці шасьці дзясяткаў мясцовых прагаласавалі толькі 13 чалавек! Але дужа шмат пытаньняў пра падлікі і зьмену дадзеных у пратаколе. Пакуль яшчэ ня вырашыў, бо дужа ўражаны тым што адбылося, але, хутчэй за ўсё, буду скардзіцца на дзеяньні камісіі», — кажа Аляксандар Шчамлёў.
Паводле pyx.by і belapan.com