Актывістам апазыцыі пагражае прэвэнтыўнае затрыманьне перад «Славянскім базарам». Гэтак былы палітвязень Сяргей Каваленка пракамэнтаваў беспрэцэдэнтныя захады ўладаў па навядзеньні парадку ў Віцебску перад фэстам.
«На ўсе ранейшыя гэтак званыя сьвяты ў мяне пад акном пастаянна дзяжурылі міліцыянты. Яны заставаліся нават на ноч, а ўдзень хадзілі за мной па пятах. Потым мне вынесьлі другое парушэньне і з “хатняй хіміі” адправілі ў рэальную турму. Цяпер яны пакуль што толькі сочаць, і нават начуюць у сваіх машынах каля дому. Іх ужо ведаюць усе суседзі. Я не выключаю, што мяне і іншых віцебскіх актывістаў апазыцыі могуць затрымаць перад фэстам, як улады гэта зрабілі са мной 25 сакавіка», - падкрэсьліў актывіст КХП-БНФ.
Апазыцыянер адзначыў, што такім чынам горад «ачысьцяць» ня толькі ад бяздомных і дэбашыраў, але і ад грамадзкіх актывістаў. «Наогул, “Славянскі базар” - гэта сьвята дармаедаў з праваахоўных ворганаў. Што тычыцца Яўсеева, то я лічу яго дрэнным чалавекам. А тыя, хто нібыта выпадкова трапіў у праваахоўныя ворганы, пачынаюць рабіць у сваім жыцьці вельмі дрэнныя ўчынкі», - заявіў Сяргей Каваленка.
Хартыя ‘97