29 траўня віцебскія актывісты добраўпарадкавалі пахаваньне ахвяр сталінізму каля вёскі Паляі Віцебскага раёну. Тут у 1930-50-я гады адбываліся расстрэлы мірных грамадзян.
Некалькі гадоў таму каля вёскі Паляі зьявіліся першыя крыжы, усталяваныя ў памяць пра бязьвінных ахвяраў. Некалькі разоў крыжы зьнішчалі, але зьяўляліся новыя. Цяпер мэмарыял, зроблены рукамі актывістаў, уяўляе сабой 5 драўляных і два зялезныя крыжы. Адзін з крыжоў вышынёй пад 6 мэтраў з надпісам «Ахвярам таталітарнага рэжыму».
Мясцовыя жыхары ведаюць пра трагічныя падзеі, што адбываліся ў гэтым лесе ў першай палове мінулага стагодзьдзя. Сябры партыі БНФ зьбіралі іхныя аповеды і зьвярталіся да мясцовых уладаў, каб стварыць у гэтых мясьцінах сапраўдны мэмарыяльны комплекс. Але ў адказ атрымалі толькі адмову.
І больш таго: некалькі год таму старшыня мясцовага Варонаўскага сельсавету падаў у суд на тагачаснага старшыню абласной арганізацыі партыі БНФ Кастуся Смолікава. Актывісту прысудзілі штраф «за самаўпраўства» і загадалі зьнесьці крыжы, усталяваныя тут з ініцыятывы віцебскіх актывістаў. Кастусь Смолікаў адмовіўся гэта рабіць, і крыжы засталіся. Яны добра відаць з дарогі, што вядзе зь Віцебску ў Смаленск. І добраўпарадкаваньне самаробнага мэмарыялу сталася справай мясцовых сяброў партыі.
«Сёньня мы тут проста прыбіраем сьмецьце, траву, садзім кветкі. Але прыйдзе час, і ў гэтых мясьцінах абавязкова будзе помнік. Бо памяць пра людзей, расстраляных тут, абавязкова мусіць быць ушанаваная належным чынам», — перакананы старшыня абласной партыйнай суполкі Леанід Аўтухоў, які арганізаваў сёлетняе добраўпарадкаваньне.