Канстытуцыйны суд ня стаў разглядаць пытаньне, пастаўленае перад ім віцебскім сябрам КХП-БНФ Янам Дзяржаўцавым. Апошні прасіў суд разабрацца з рашэньнем Віцебскага гарвыканкаму № 881 «Аб масавых мерапрыемствах у горадзе Віцебску». На думку палітыка, згаданае рашэньне мясцовых уладаў супярэчыць нормам Канстытуцыі, бо, фактычна, пазбаўляе грамадзян права на мірныя сходы.
Асноўная праблема рашэньня № 881 – патрабаваньне да арганізатараў масавых мерапрыемстваў загадзя заключаць дамовы з ЖКГ, міліцыяй і лекарамі на абслугоўваньне мерапрыемстваў. Яшчэ ні разу не было, каб усе неабходныя дамовы атрымалася заключыць: арганізацыі, пералічаныя ў рашэньні гарвыканкаму, знаходзяць разнастайныя прычыны, каб пазьбегнуць заключэньня дамоваў. А бяз гэтых дамоваў атрымаць дазволу на пікет, мітынг або шэсьце немагчыма.
Што да заключэньня дамоваў, часам даходзіць да кур’ёзу. Так, каб выканаць рашэньне № 881, Ян Дзяржаўцаў 7 сакавіка зьвярнуўся ва Ўпраўленьне ўнутраных спраў Віцаблвыканкаму. Ён прасіў заключыць зь ім дамову на абслугоўваньне заплянаванага на 25 сакавіка (Дзень Волі) пікетаваньня. Адказ на просьбу партыйнага актывіста часовы выконваючы абавязкі па пасадзе начальніка міліцыі грамадзкай бясьпекі УУС Ігар Скарыновіч напісаў менавіта… 25 сакавіка – у дзень меркаванай акцыі. Па пошце адказ быў атрыманы праз 2 дні.
У сваім адказе ад 25 сакавіка міліцэйскі начальнік Скарыновіч напісаў Яну Дзяржаўцаву: «Паведамляю, для заключэньня дамовы на забесьпячэньне аховы грамадзкага парадку пры правядзеньні 25 сакавіка 2013 году пікетаваньня, што арганізуецца Вамі, Вы можаце ў любы зручны для Вас час зьвярнуцца ва ўпраўленьне фінансаў і тылу УУС». Такі адказ, атрыманы ўжо пасьля 25 сакавіка, Ян Дзяржаўцаў успрыняў як зьдзек і непрыхаваны цынізм.
Каб пацьвердзіць, што рашэньне № 881 выканаць немагчыма, і што ў выніку немагчыма скарыстацца з правоў, гарантаваных Канстытуцый, Ян Дзяржаўцаў далучыў да свайго звароту ў Канстытуцыйны суд ажно 26 адмоваў віцебскіх ворганаў улады на правядзеньне масавых мерапрыемстваў, атрыманых ім і сябрамі яго партыі цягам 2012 і пачатку 2013 гадоў.
Аднак Канстытуцыйны суд заплюшчыў вочы на відавочнае парушэньне Канстытуцыі: «Канстытуцыйны суд разглядае пытаньні аб канстытуцыйнасьці нарматыўных прававых актаў па прапановах прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, Палаты прадстаўнікоў, Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу, Вышэйшага гаспадарчага суду, Савету міністраў Рэспублікі Беларусь… Такім чынам, нарматыўныя прававыя акты могуць быць разгледжаныя Канстытуцыйным судом на прадмет іх адпаведнасьці Канстытуцыі толькі пры ўмове ўнясеньня адпаведнай прапановы адным з вышэйназваных дзяржаўных ворганаў і службовых асоб», – паведамляецца ў лісьце за подпісам першага намесьніка начальніка сакратарыяту Канстытуцыйнага суду В.І. Селядзеўскага.
Такім чынам, грамадзянскія і палітычныя правы ў Віцебску і далей будуць парушацца. Ян Дзяржаўцаў у разгубленасьці. Ён ня ведае, якім чынам яго партыя як зарэгістраваная палітычная арганізацыя можа легальна выконваць свае функцыі.
«Сучасная незаконная ўлада Беларусі, выхаваная ў “найлепшых традыцыях сталінскай эпохі”, робіць усё, каб канчаткова зьнішчыць нашу краіну, распрадаць за капейкі багацьце краіны, якое ёй не належыць, яе нетры, выкапні, фабрыкі, заводы, каб набіць свае і гаспадарскія расейскія кішэні і каб як мага хутчэй здаць Беларусь расейцам, а беларусаў зрабіць іхнымі рабамі», – так Ян Дзяржаўцаў выказаўся наконт сытуацыі, што склалася.