Удзельнікі грамадзкай ініцыятывы «Кабылякі. Расстраляныя ў Воршы» пабывалі на прыёме ў старшыні райвыканкаму Аляксандра Пазьняка, каб дамовіцца пра зьмест раней абяцанай уладамі мэмарыяльнай шыльды на месцы сталінскіх расстрэлаў. Пазьняк пацьвердзіў гатоўнасьць яе ўстанавіць, але з умовай: ён выказаў пажаданьне, каб быў прыбраны «народны мэмарыял», створаны сваякамі загінулых. Сярод актывістаў пачаліся спрэчкі: ці варта прымаць дапамогу ад уладаў такім коштам.
Месца расстрэлаў трэба ўпарадкаваць
Сваякі рэпрэсаваных – прадстаўнікі ініцыятывы «Кабылякі. Расстраляныя ў Воршы» – размовай з Аляксандрам Пазьняком збольшага засталіся задаволеныя. Дзіна Кацар, унучка расстралянага Аляксея Маркевіча, спадзяецца на станоўчае вырашэньне пытаньня пра добраўпарадкаваньне Кабыляцкай гары.
«Я ня ведаю, як гэта ўсё сапраўды будзе, але мне здаецца, што ён чалавек слова,– кажа Кацар.– Я рада, што яны заняліся пытаньнем добраўпарадкаваньня, людзі павінны мець мажлівасьць дабрацца да гэтага месца. Мы хочам паставіць там свой помнік – майму дзеду».
Ігар Станкевіч, стваральнік ініцыятывы, якая аб’яднала сваякоў рэпрэсаваных, хацеў пачуць больш канкрэтныя абяцаньні.
«Мы прасілі прызначыць адказных за захаванасьць мэмарыялу, – кажа Станкевіч. – Каб хаця б ня скралі новую шыльду, як было зь дзьвюма ранейшымі. Адказалі, што гэта немагчыма, бо далёка. Так, міліцыянты будуць заходзіць час ад часу, і ўсё. Абяцалі, што добраўпарадкуюць навакольную тэрыторыю, але часткова: прыбяруць сухастой, хмызьняк. Але сходы цераз чыгунку, каб было ямчэй дабірацца, зрабіць адмовіліся».
Што напішуць на шыльдзе
Шыльда, абяцаная райвыканкамам, мае зьявіцца на помніку-валуне, пастаўленым на Кабыляцкай гары ў 1994 годзе. На ім ужо былі дзьве шыльды, якія скралі вандалы, – з радкамі Ганны Ахматавай «Хотелось бы всех поименно назвать, да отняли список и негде узнать».
Сваякі расстраляных пасьля візыту ў райвыканкам: Дзіна Кацар, Станіслаў Лазоўскі, Ігар Станкевіч, Валянціна Разумная, Ларыса Арэшына
У сацыяльных сетках і ў асабістых размовах Ігар Станкевіч зладзіў абмеркаваньне, што мусіць быць напісана на новай шыльдзе. Было вырашана, што найлепшы варыянт – гэта фраза «Памяці ахвяраў палітычных рэпрэсіяў» на чатырох мовах: беларускай, расейскай, польскай і іўрыце.
Адназначнай згоды з гэтым старшыня райвыканкаму ня выказаў.
«Аляксандар Пазьняк сумняваецца, ці трэба пісаць на чатырох мовах. Маўляў, зойме шмат месца, – расказаў Станкевіч. – Спытаў ён, і за якія грошы будзе рабіцца шыльда. Раней нам абяцалі, што ўсе выдаткі на сябе возьме выканкам. А калі не, то мы самі зьбяром грошы ды зробім. Старшыня павагаўся і сказаў, што ня трэба, што зробяць за бюджэтныя сродкі».
«Улады нічога не рабілі тут 20 гадоў, і ня трэба. Толькі сапсуюць!»
Віктар Андрэеў, аршанскі дасьледчык гісторыі дэмакратычнага руху, падазрае, што ўлады не захочуць пісаць пра «ахвяраў палітычных рэпрэсіяў», могуць зрабіць зь нейкім нэўтральным надпісам.
Ён – адзін з тых, хто займаецца добраўпарадкаваньнем на Кабыляцкай гары з 1989 году. Тады ў Воршы ўпершыню адбылося ўскладаньне кветак на месцы расстрэлаў. У 1990-м адбылося ўрачыстае адкрыцьцё часовага помніка – тумбачкі. У 1994-м на прапанову аршанскага гісторыка Юрыя Копціка тут устанавілі помнік-валун, шыльды зь якога былі скрадзеныя. У 1997-м актывісты зрабілі шыльду, умацаваўшы яе не на камені, а побач – з цытатай з Эвангельля і словамі «Тут пахаваны ахвяры рэпрэсіяў, учыненых бязбожным камуністычным рэжымам».
Шыльда, якая можа зьнікнуць у выніку «добраўпарадкаваньня»
Андрэеў занепакоены, што гэтую шыльду зьнішчаць, калі паставяць новую:
«Я лічу, да ўладаў ня трэба было й хадзіць: людзі тут ушаноўвалі памяць родных і бязь іхнага дазволу. Не зьяўляліся тут чыноўнікі 20 гадоў, і добра. Цяпер усё разбураць».
Нехта ставіў крыжы проста ў лесе
Станкевіч мяркуе, што ўстаноўка райвыканкамам шыльды зробіць чыноўнікаў адказнымі за стан помніка, а на ліквідацыю народнага мэмарыялу пагаджацца ня трэба:
«Варта толькі прасачыць, каб тэкст быў той, які хочуць людзі, а ня нейкі іншы. І трэба пастарацца зрабіць так, каб увесь мэмарыял не пацярпеў – весьці далейшыя перамовы наконт гэтага, даводзіць сваю пазыцыю».
Шыльды, зробленыя Ігарам Станкевічам
Віктар Андрэеў – аўтар кнігі «Аршанская хроніка 1986-2001», дзе апісаная гісторыя мэмарыялізацыі расстрэльнага месца на Кабыляцкай гары. На яго думку, народны мэмарыял паўстаў і захаваўся тут дзякуючы шматгадовым калектыўным высілкам актывістаў гораду.
З 1989 году яны ладзілі агульнагарадзкія жалобныя шэсьці ў гэтыя мясьціны, падтрымлівалі ў парадку помнік і навакольную тэрыторыю, запрашалі на імпрэзы нашчадкаў рэпрэсаваных, штогод прыходзілі сюды на Дзяды і на Радаўніцу.
Часовы помнік на Кабыляцкай гары, устаноўлены ў 1990 г. Фота з архіву Віктара Андрэева
Андрэеў баіцца, што народны мэмарыял, які ствараўся гадамі, будзе зьнішчаны пад выглядам «добраўпарадкаваньня».
«Пакуль усё было па-ранейшаму, кожны мог ушанаваць памяць продкаў, паставіўшы тут крыж ці іншы знак. Цяпер, пад пільнай увагай уладаў, гэта будзе лічыцца незаконным, а памяць пра рэпрэсаваных ператворыцца ў казёншчыну і афіцыёз», – кажа Андрэеў.
Дзяды на Кабыляцкай гары, архіўнае фота
БС, svaboda.org